Навіны

Палітвязень Юрый Рубцоў спыніў галадоўку

Ён прыслухаўся да ўгавораў актывістаў, якія яго наведалі, на фоне адсутнасці ўмоваў галадоўкі па медычных стандартах і непадтрымкі яго патрабаванняў гадзіны тэлеэфіру апазіцыяй.

Рубцоў зразумеў далейшую бессэнсоўнасць галадання. “Паколькі я язвеннік, то ем мюслі. Можа гэта трошкі няправільна, але адчуваю сябе зараз добра. Я разумею, што ў турме правільна выходзіць з галадоўкі вельмі цяжка. Тут няма для гэтага ўмоў”, – паведаміў ён Радые “Рацыя”.

Ён не шкадуе, што пайшоў на такі крок. Па меркаванні Рубцова, гэта быў адзіны крок, які даваў надзею на перамены. Удзел апазіцыі ў выбарах без умоў для перамогі – гэта ліццё вады на млын Лукашэнкі. Іх кароткая афіцыйна дазволеная перадвыбарачная праца з народам з пяцігадовым інтэрвалам, як паказвае практыка, мае нулявы вынік.

Галадоўку Юры Рубцоў пачаў 22 студзеня на знак пратэсту: адміністрацыя спэцкамендатуры не можа забяспечыць палітвязня дэкляраваным у Беларусі сярэднім заробкам, які ў эквіваленце адпавядае 600 далярам.

Яшчэ адно патрабаванне, якое выстаўляў “хімік”-галадоўшчык: выдзяліць штодзённа гадзіну эфірнага часу на Нацыянальным тэлеканале для апазіцыі, каб тая магла пазнаёміць грамадзянаў Беларусі з альтэрнатыўным поглядам на эканамічнае і палітычнае жыццё ў краіне.

Юры Рубцоў адбывае пакаранне ў спецкамендатуры № 7 у вёсцы Куплін 1 год і 6 месяцаў пасля амністыі за нашэнне майкі з надпісам: “Лукашэнка сыходзь”. Афіцыйна атрымаў тэрмін за абразу суддзі.