Палітвязня Яўгена Васьковіча перавялі з турмы ў калонію, ён вытрымаў максімальны тэрмін

Пра гэта «Нашай Ніве» паведаміла яго маці, Рушанія Іванаўна.

«Ліст аб тым, што Жэню перавялі прыйшоў яшчэ месяц таму. Сама я да яго яшчэ не ездзіла, і ён мне пакуль не пісаў, але адвакат яго наведваў. Сказаў, што ўсе у Яўгена нармальна: адчувае сябе добра, ходзіць на працу — нешта там шые», – сказала яна.

Пісаць Яўгену Васьковічу можна на адрас: 212013, Магілёў, Слаўгарадская шаша, 183, ВК-15. Васьковічу Яўгену Сяргеевічу.

Нагадаем, што Васьковіч быў асуджаны ў 2011 годзе разам з Арцёмам Пракапенка і Паўлам Сырамалотавым.

Яго прысудзілі да 7 гадоў зняволення паводле абвінавачання ў спробе падпалу дзвярэй бабруйскага аддзялення КДБ.

Спачатку хлопец адбываў пакаранне ў Магілёўскай калоніі № 15, а 12 кастрычніка 2011 года быў пераведзены ў Магілёўскую турму № 4 як «злосны парушальнік рэжыму». Там хлопец сядзеў у камеры з 9 іншымі зняволенымі, аднак на ўмовы не скардзіўся. Шмат разоў Васьковіч трапляў ў карцар — агулам ён правёў там 247 сутак.

У кастрычніку 2014 трохгадовы тэрмін, які палітвязень павінен быў правесці ў турме, скончыўся, і хлопца перавялі ў калонію.

Уладзіслаў Швядовіч, Наша Ніва