«Калі б апазыцыя была сумленная, яна спынілася б на Статкевічу як адзіным кандыдаце», — Уладзімер Мацкевіч

Пяць беларускіх апазыцыйных арганізацыяў БНФ, БХД, БСДП (Грамада), рух «За свабоду» і грамадзянская кампанія «Гавары праўду» сёньня паведамілі, што падісалі дакумэнт аб працэдуры вылучэньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Беларусі на прэзыдэнцкія выбары 2015 году. Аднак пад дакумэнтам няма подпісаў прадстаўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі і партыі «Справядлівы сьвет», безь якіх дакумэнт нядзейны. Ці азначае гэта, што апазыцыйныя сілы пакуль ня здольныя дамовіцца наконт адзінай стратэгіі на прэзыдэнцкія выбары? Навошта апазыцыі адзінства, калі многія апазыцыйныя лідэры ня вераць у перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах? На гэтыя пытаньні адказвае старшыня рады Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Уладзімер Мацкевіч.

— Ці можна меркаваць, што пяцёрка стамілася шукаць кансэнсус і вырашыла ісьці на выбары самастойна, не чакаючы, пакуль АГП і «Справядлівы сьвет» нарэшце дадуць згоду на нейкі агульны сцэнар?

— Па-першае, насьцярожвае хуткасьць і раптоўнасьць рашэньня «пяцёркі». Перамовы і ўзгадненьні сапраўды ішлі даўно. Але яны ішлі па сцэнарах, якія вельмі падобныя да таго, што было і на папярэдніх выбарах, і раней. І ўсім ужо відавочная невыніковасьць і беспэрспэктыўнасьць такога фармату перамоваў і такога фармату вылучэньня адзінага кандыдата і адзінай стратэгіі.

Раптоўнасьць сёньняшняй сустрэчы насьцярожвае. Гэта азначае, што там ёсьць свае матывы ў кожнага з суб’ектаў пяцёркі. Да таго ж, левыя нядаўна правялі сваю канфэрэнцыю, і іхняя пазыцыя (як звычайна) таксама ідзе насуперак намаганьням пяцёркі.

— Пэўная частка кіраўнікоў апазыцыйных структураў мае адну схему вылучэньня, якая будзе больш спрыяльная для аднаго кандыдата. Другія выступаюць за іншую схему, якая дапаможа перамагчы іншаму кандыдату. Пры такім раскладзе як можна прыйсьці да кансэнсусу?

Наступаюць на тыя ж граблі, што і ў 2010 годзе

— Ніякага кансэнсусу быць ня можа. Бо лідэр АГП Лябедзька, напрыклад, дакладна ведае, хто павінен быць, на ягоную думку, адзіным кандыдатам. Прадстаўнікі пяцёркі, у сваю чаргу, даўно вызначыліся са сваім кандыдатам і іншыя меркаваньні іх ня вельмі цікавяць. Таму іншыя падыходы ім не патрэбныя. Таму: якая б ні была працэдура — кожны застаецца пры сваім меркаваньні. У выніку наступаюць на тыя ж граблі, што і ў 2010 годзе.

— Некаторыя апазыцыйныя лідэры, магчыма, апраўдваюць свае паводзіны тым, што ўсё роўна на выбарах 2015 году перамагчы нерэальна. І, маўляў, навошта тады гэтая паказная еднасьць і адзіны кандыдат?

— Калі перамагчы немагчыма, то лягічным і разумным было б у гэтым фарсе ня ўдзельнічаць. А калі ўдзельнічаць, то трэба было б настройвацца на Статкевіча як адзінага кандыдата. Ён ня можа зараз балятавацца з-за кратаў, але можна было б цэлы год весьці моцную кампанію па ягоным вызваленьні.

Таму — калі б апазыцыя была сумленная, яна спынілася б на Статкевічу як адзіным кандыдаце.

Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода