Навіны

Першыя лісты з турмы

Жонка палітвязня Марына Адамовіч атрымала першыя лісты з магілёўскай турмы №4.

Лісты былі напісаныя адразу па выхадзе з карцэра 24-25 студзеня.

Мікалай Статкевіч паведаміў, у прыватнасці, пра тое, што, як высветлілася ўжо ў турме, у дакументах са Шклова напісана, што ён “схільны да нападу”, а таксама “да ўцёкаў (пабега)”. Такім чынам, адміністрацыя ПК-17, акрамя карцэра, пакінула палітвязню яшчэ і іншыя “падарункі на развітанне”. Спадарыня Марына мяркуе, што, “калі б у гэтых вельмі нешаноўных грамадзянаў былі ў руках яшчэ нейкія магчымасці зрабіць нешта агіднае, яны б і іх скарысталі”…

Мікалай Статкевіч паведамляе таксама пра ўмовы ўтрымання, пра тое, што мае гадзінную штодзённую прагулку ў “суправаджэнні” сабак у турэмным дворыку для прагулак.  (Невядома, ці гэта звычайная турэмная практыка, ці наўпрост звязана з характарыстыкай з ПК-17). Жартуе з гэтай нагоды: “Але ты ведаеш, што я вельмі люблю сабак))). Так што цяпер буду бачыць іх кожны дзень. Праўда, сетка над галавой вельмі густая і неба бачна кепска”.

Напрыканцы ліста палітвязень просіць перадаць падзяку тым людзям, якія яго падтрымліваюць пад час зняволення: “…падзякуй людзей і перадай, што іх словы – у маім сэрцы”.