Першыя лісты з турмы
Жонка палітвязня Марына Адамовіч атрымала першыя лісты з магілёўскай турмы №4.
Лісты былі напісаныя адразу па выхадзе з карцэра 24-25 студзеня.
Мікалай Статкевіч паведаміў, у прыватнасці, пра тое, што, як высветлілася ўжо ў турме, у дакументах са Шклова напісана, што ён «схільны да нападу», а таксама «да ўцёкаў (пабега)». Такім чынам, адміністрацыя ПК-17, акрамя карцэра, пакінула палітвязню яшчэ і іншыя «падарункі на развітанне». Спадарыня Марына мяркуе, што, «калі б у гэтых вельмі нешаноўных грамадзянаў былі ў руках яшчэ нейкія магчымасці зрабіць нешта агіднае, яны б і іх скарысталі»…
Мікалай Статкевіч паведамляе таксама пра ўмовы ўтрымання, пра тое, што мае гадзінную штодзённую прагулку ў «суправаджэнні» сабак у турэмным дворыку для прагулак. (Невядома, ці гэта звычайная турэмная практыка, ці наўпрост звязана з характарыстыкай з ПК-17). Жартуе з гэтай нагоды: «Але ты ведаеш, што я вельмі люблю сабак))). Так што цяпер буду бачыць іх кожны дзень. Праўда, сетка над галавой вельмі густая і неба бачна кепска».
Напрыканцы ліста палітвязень просіць перадаць падзяку тым людзям, якія яго падтрымліваюць пад час зняволення: «…падзякуй людзей і перадай, што іх словы — у маім сэрцы».