Актуальна

Плацдарм Свабоды

Людзі, якія выйшлі на ўчарашні мітынг, не толькі нагадалі народу пра злачынства, здзейсненае супраць яго 20 гадоў таму. Яны зноў абаранілі, утрымалі той плацдарм свабоды ў цэнтры сталіцы, які мы разам вярнулі сабе ў верасні мінулага года.

Любы антынародны рэжым імкнецца паменшыць свабодную ад яго тэрыторыю, пашырыць свой кантроль на ўсе сферы грамадскага жыцця. Дыктатары заўсёды пачынаюць з кантролю над тэлеэфірам і масавымі газетамі. Потым знішчаюць ці кастрыруюць парламент. Пасля гэтага імкнуцца ліквідаваць вулічны пратэст. Калі іх не спыніць, то яны рана ці позна прыйдуць да вас дахаты. Таму супрадзеянне дыктатуры – гэта і барацьба за ўтрыманне свабодных ад яе тэрыторый.

Некалі мне прыйшлося вытрымаць дзесяткі адміністрацыйных арыштаў, каб не даць рэжыму загнаць масавы пратэст у парк каля пл. Бангалор. Хаця “канструктыўныя апазіцыянеры”, якія як вошы абавязкова заводзяцца ў часы грамадскай дэпрэсіі, заклікалі пагадзіцца на той Бангалор. Потым, пакуль я два гады быў на “хіміі”, апазіцыя саступіла і пайшла на Бангалор. У выніку і Бангалор перасталі дазваляць, акрамя двух рытуальных шэсцяў туды на год.

За пяць гадоў майго апошняга зняволення ў цэнтры Мінска не было ніводнага мітынгу апазіцыі. Але ж створаная рэжымам машына рэпрэсій не можа прастойваць. Таму яна скіравалася на праваабаронцаў, незалежных журналістаў, грамадскія ініцыятывы, проста на нязгодных з асобнымі дзеяннямі ўлады.

Людзі, якія 14 месяцаў выходзілі ў цэнтр Мінска пад нацыянальнымі сцягамі, адваявалі плацдарм свабоды і абаранілі незалежнае грамадства, прыняўшы удар рэпрэсіўных органаў рэжыма на сябе. Мы трымаем гэты плацдарм, пакуль цярпенне Беларусі не скончыцца і ўся яна не выйдзе на яго.

Не зусім, як 300 спартанцаў, але нешта падобнае ў гэтым ёсць😊. Хаця б па суадносінах сілаў – рэжым утрымоўвае супраць народа больш за 200 тысячаў “праваахоўнікаў” і чыноўнікаў розных масцей. Але грошы на іх утрыманне скончваюцца. А галодны орк небяспечней для свайго гаспадара, чым яго адсутнасць.

Калі Беларусь выйдзе на вуліцы, то суадносіны сіл будуць супрацьлеглымі. Мы прымусім злачынцаў вярнуць уладу народу. Бо без гэтага нармальнага жыцця ў нашай краіне не будзе.

Дзякуй усім, хто прыйшоў учора на плошчу Свабоды, каб Беларусь была вольнай! 

Жыве Беларусь!

Мікалай Статкевіч

Facebook