Прадстаўніца АБСЕ: Сустрэча кантактнай групы ў Менску была няпростай

Сустрэча трохстаронняй кантактнай групы ў Менску, а перад гэтым яе працоўных падгруп была не вельмі простай.

Эканамічная падгрупа, што абмяркоўвала аднаўленне інфраструктуры акупаваных тэрыторый і выплату пенсій, змагла прапанаваць шэраг канкрэтных праектаў, сказала Хайдзі Тальявіні, але не ўдакладніла, якіх менавіта.

Гуманітарная падгрупа разглядала вызваленне затрыманых людзей, і ў яе дзейнасці ўзяў удзел прадстаўнік Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа, а падгрупа бяспекі, якая яшчэ рыхтуе дамоўленасць аб адводзе ўзбраенняў калібрам менш за 100 мм, не збіралася, паведаміла Хайдзі Тальявіні.

Аўстрыйскі дыпламат Марцін Сайдык, які заменіць яе як спецыяльны прадстаўнік АБСЕ, заявіў, што прыкладзе ўсе намаганні, каб працягнуць працу Тальявіні.

“У нас будзе вельмі вялікі і напружаны графік у ліпені і жніўні, і вы ўбачыце потым, што мы сапраўды пастараемся атрымаць вынікі для простых людзей, якія менавіта ў гэтым маюць вялікую патрэбу”, – сказаў ён.

Таксама пасля сустрэчы выступілі прадстаўнікі ваеўнікоў, якія ўдзельнічалі ў дзейнасці падгруп і частцы пасяджэння кантактнай групы. Так, прадстаўнік тэрарыстычнай групы “ДНР” Дзяніс Пушылін паведаміў, што наступныя сустрэчы групы прызначаныя на 7 і 21 ліпеня.

І ён, і прадстаўнік тэрарыстычнай групы “ЛНР” Уладзіслаў Дайнэга ўсклалі віну на Украіну за, як яны сцвярджаюць, “імітацыю” выканання менскіх дамоўленасцяў.