Прадстаўнікі БНК звярнуліся да царкоўных іерархаў

Прадстаўнікі БНК накіравалі Яго Высокапраасвяшчэнству Паўлу, мітропаліту Мінскаму і Заслаўскаму, Патрыаршаму экзарху ўсёй Беларусі і Яго Эксцэленцыі Арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу Мітрапаліту Менска-Магілёўскаму Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі звароты наступнага зместу:

“З жалем і абурэннем мы даведаліся, што ўладамі знесеныя дзесяткі крыжоў, што месціліся вакол народнага мемарыялу расстраляным у Курапатах. Яшчэ большае абурэнне выклікае тое, што гэта ганебнае дзеянне адбылося падчас Вялікага паста.

Барацьба ўладаў з крыжамі вяртае да памяці масавае і крывавае змаганне камуністычнага рэжыма з рэлігіяй, якое каштавала жыцця і свабоды многім тысячам святароў і вернікаў.

Мы лічым знос крыжоў на могілках нявінна забітым недапушчальным і абражальным для хрысціян дзеяннем.

Мы просім Вас пра неадкладную сустрэчу для абмяркавання сумесных намаганняў цэркваў і грамадства, каб зрабіць такія дзеянні немагчымымі.

З павагай,
сябры Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэса
Уладзімір Някляеў,
Мікалай Статкевіч,
Яўген Афнагель”