Правы чалавека ў Беларусі абмеркавалі ў Радзе Еўропы

У Палітычным камітэце Рады Еўропы адбылося абмеркаванне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Сярод дакладчыкаў – рэдактарка сайту “Хартыя-97” Наталля Радзіна.

Былая палітычная зняволеная распавяла ў сваім дакладзе пра сітуацыю з вязнямі сумлення, якіх цяпер у Беларусі – 11 чалавек. Яны падвяргаюцца жорсткаму ціску, пазбаўляюцца спатканняў, перадачаў, пасылак і медычнага абслугоўвання:

– Я заўважыла, што тыя палітзняволеныя, якія сёння выходзяць на волю ў выніку заканчэння тэрміну іх зняволення знаходзяцца пад жорсткім ціскам міліцыі і спецслужбаў, яны абмежаваныя ў сваіх палітычных і грамадзянскіх правах. Таксама мы бачым, што ў Беларусі з’явіліся новыя палітвязні – гэта і ксёндз Уладзіслаў Лазар, і актывіст Андрэй Гайдукоў. Характар абвінавачванняў супраць палітычных зняволеных робіцца ўсё больш пачварным – сёння іх абвінавачваюць і ў здрадзе Радзіме, і ў шпіянажы.

Таксама з дакладам выступіў беларускі палітолаг Алесь Лагвінец. Ужо з\’явілася і першая рэакцыя Парламенцкага камітэту на гэтыя выступы: “Дыялог з рэжымам Лукашэнкі можа быць толькі на пэўных умовах”, – гаворыцца ў заяве палітычнага камітэту. Найперш ідзе пра вызваленне палітычных вязняў і ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя