ПРЫЧЫНЫ НАШЫХ СУПЯРЭЧНАСЦЯЎ

Паміж беларускімі апазіцыйнымі палітыкамі, якія выступаюць за еўрапейскую інтэграцыю нашай краіны, некалькі апошніх месяцаў вядзецца палеміка вакол стратэгіі еўрапейскіх сіл Беларусі. Нядаўна гэта палеміка набыла публічны характар і перанеслася на старонкі незалежных выданняў. Асноўнай прычынай нашых супярэчнасцяў з’яўляецца рознае бачанне магчымых шляхоў дэмакратызацыі Беларусі, якое найбольш выразна выявілася ў розных адказах на адно і тое ж пытанне: ці здольны беларускі рэжым дэмакратызавацца пад уплывам Еўропы? Прадстаўнікі Руху “За свабоду” і іх саюзнікі станоўча адказваюць на гэтае пытанне, прадстаўнікі Еўрапейскай кааліцыі і Партыі БНФ упэўнены ў зваротным.

Чаму адказ на такое пытанне з’яўляецца такім важным? Усё вельмі проста — калі дыялог з Еўропай здольны дэмакратызаваць беларускі рэжым, то апазіцыі трэба толькі спрыяць гэтаму дыялогу і чакаць вынікаў. Калі не, то апазіцыя павінна дзейнічаць сама, каб вярнуць краіну да дэмакратыі. Пад час дыскусій нам так і не ўдалося высветліць, у чым прычыны аптымізму кіраўнікоў руха “За свабоду”. Лідар руха Аляксандр Мілінкевіч пад час нашага з ім дыялогу (“Народная воля”, №№ 83-84, 2-4 чэрвеня 2009 г) ухіліўся ад абмеркавання гэтай тэмы.

Наша негатыўная ацэнка здольнасці рэжыму да дэмакратычных трансфармацый заснавана на аналізе палітычна-эканамічнай сістэмы, якая сфармавана ў Беларусі. Гэты аналіз быў зроблены Еўрапейскай кааліцыяй два гады таму і нядаўна дапоўнены ў сувязі з эканамічным крызісам і дыялогам з ЕС. На наш погляд, гэты аналіз даказвае, што асноўныя складальнікі створанай ў нашай краіне сістэмы (дзяржаўная экаоміка, выбарчая сістэма, “вертыкаль” улады, паслухмяны парламент, падкантрольныя СМІ) узаемазвязаныя і падтрымліваюць адзін другога. Спроба дэмакратызаваць адзін з гэтых складальнікаў вядзе да развалу ўсёй сістэмы. Кіраўнік рэжыму, на памяці якога адна толькі адмова ад кантролю над СМІ разваліла савецкую імперыю, выдатна гэта разумее. Таму ніякія еўрапейскія ўплывы не прывядуць да трансфармацыі гэтай сістэмы — яна ў прынцыпе не падлягае трансфармацыі.Няма іншага шляху да дэмакратыі, да інтэграцыі ў адзіную Еўропу, акрамя адхілення сённяшняга рэжыму ад улады над краінай. Тым болей, што беларускае грамацтва, што таксама паказвае наш аналіз, гатова да дэмакратыі.

Хто мае рацыю — тыя, хто спадзяецца найперш на еўрапейскіх палітыкаў, ці тыя, хто лічаць, што беларусам прыйдзецца самім змагацца за вызваленне сваёй краіны, мы прапануем вызначыць шаноўным чытачам, увазе якіх прадстаўляем зроблены намі аналіз беларускай сітуацыі і высновы з яго.

Мікалай Статкевіч,
каардынатар Еўрапейскай кааліцыі

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *