Аналіз сітуацыі ў краіне і вакол яе

  1. Беларускае грамадства

За гады незалежнасці ў масавай свядомасці адбыліся кардынальныя змены. Беларускае грамадства:

  • адчувае сваю прыналежнасць да самастойнай беларускай нацыі і хоча захавання незалежнасці сваёй дзяржавы;
  • не лічыць рэальным вяртанне да савецкай сістэмы і прымае неабходнасць пабудовы ўласнага беларускага дому;
  • у значнай большасці пагаджаецца з неабходнасцю рынкавых эканамічных рэформ;
  • у большасці не супраць далучэння Беларусі да ЕС;
  • у значнай частцы хоча змены палітычнай сістэмы з аўтарытарнай на дэмакратычную.

У грамадстве назіраецца пэўная псіхалагічная стомленасць ад фігуры нязменнага кіраўніка дзяржавы. Разам з тым беларускае грамадства:

  • з’яўляецца раздробленым, “атамізаваным”, з нізкай здольнасцю да самаарганізацыі;
  • схільнае да персаніфікацыі палітыкі, ўлады, дзяржавы;
  • ў значнай большасці жадае стабільнай і моцнай улады, якую ідэнтыфікуе, як “моцную руку” на яе чале;
  • у большасці чакае ад улады патэрналісцкага стаўлення да сябе;
  • у большасці не супраць стварэння “саюзнай дзяржавы”, пад якой яны разумеюць расійскія прэферэнцыі суверэннай Беларусі;
  • у асноўным пераадолела псіхалагічныя наступствы эканамічнага і — сацыяльнага шоку пачатку 90-х, але ў значнай частцы працягвае звязваць гэты шок з дэмакратыяй і дэмакратычнай апазіцыяй;
  • у значнай частцы лёгка паддаецца маніпуляванню з дапамогай ТБ.

Беларускае грамадства ўсе яшчэ захоўвае падзел на “еўрапейскую” і “савецкую” часткі, палюсамі якіх з’яўляюцца малады адукаваны жыхар сталіцы і калгасны пенсіянер.

  1. Улада

Галоўнай і дамінуючай мэтай сённяшняе беларускае ўлады з’яўляецца сама ўлада. Усе астатнія яе мэты носяць падначалены галоўнай характар. Дзеля дасягнення сваёй галоўнай мэты правячы рэжым імкнецца да татальнага кантролю над усімі сферамі публічнага жыцця, ад эканомікі да мастацтва. Менавіта гэтай мэтай абумоўлены выбар эканамічнай мадэлі, структуры дзяржаўных інстытутаў, афіцыйнае ідэалогіі, знешнепалітычнай арыентацыі. Уся беларуская дзяржава ператворана яе кіраўніцтвам ў прыладу, асноўная функцыя якой — забяспечыць нязменнасць улады аднаго чалавека і набліжаных да яго.

Асноўны элемент гэтай прылады — так званая “вертыкаль” выканаўчай улады, якая забяспечвае кантроль і рэальнае кіраванне на ўсёй тэрыторыі краіны. Яна кіруе прадпрыемствамі, кантралюе грамадскае жыцце і праз прызначаныя ёю выбарчыя камісіі забяспечвае патрэбныя вынікі “выбараў” прэзідэнта, малаўплывовага “парламента”, цалкам дэкаратыўных мясцовых “саветаў”.

Прыналежнасць да “вертыкалі” гарантуе высокі сацыяльны статус, значна вышэйшы за сярэдні ўзровень афіцыйных даходаў, магчымасць маніпулявання на сваю карысць дзяржаўнай маёмасцю і сродкамі. Памылкі ў кіраванні і вызваленне ад пасады звычайна суправаджаюцца перамяшчэннем па службовай лесвіцы па гарызанталі. Самая вялікая правіннасць — праява нелаяльнасці кіраўніку рэжыму — у большасці выпадкаў завяршаецца крымінальным прысудам. Прыкметай нелаяльнасці з’ўляецца цярпімасць да апазіцыі.

Ліберальнае стаўленне да незалежнага ад улады бізнесу выклікае падазрэнні ў карумпаванасці ці ў апазіцыйным мысленні. Наадварот, рэпрэсіі супраць апазіцыянераў ці прыцісканне дробнага бізнесу служаць доказам надзейнасці чыноўніка. Пакаранняў за празмернасць у рэпрэсіях не бывае. Таму “вертыкаль” розных узроўняў усё часцей бярэ на сябе рашэнне аб рэпрэсіях і ніколі — аб іх адмене. У выніку цэнтр прыняцця рашэнняў аб звальненнях, арыштах, ліквідацыі недзяржаўных газет, пагаршэнні ўмоў для незалежнага бізнесу апусціўся вельмі нізка па ўладнай вертыкалі, а самі гэтыя рашэнні носяць усё больш незалежны ад цэнтра характар.

Марыянеткавы “парламент” забяспечвае прыняцце законаў, неабходных для прадухілення пагроз змены ўлады. Цалкам залежная судовая сістэма агучвае рашэнні, прынятыя “вертыкаллю” адпаведнага ўзроўню. Дзяржаўныя СМІ, што дамінуюць у медыйнай прасторы, а ў эфіры валодаюць манаполіяй, дастаткова эфектыўна прамываюць мазгі насельніцтву, ствараючы цалкам пазітыўны вобраз улады і агідны — яе апанентаў. Шматлікія сілавыя структуры ажыццяўляюць кантроль за грамадствам, “вертыкаллю” і адна за другою. Таксама яны ажыццяўляюць падаўленне апазіцыі ў грамадстве. Жорсткасць падаўлення вызначаецца ўяўленнем адказных асоб аб патэнцыйнай ступені небяспекі і не мае прынцыповых абмежаванняў.

Такім чынам тыя, хто спрабуюць дамагчыся змены ўлады канстытуцыйным альбо неканстытуцыйным спосабам, аднолькава ўспрымаюцца дзяржавай як варожая сіла, як небяспека для дзяржавы, якую трэба нейтралізаваць любымі неабходнымі сродкамі.

Сацыяльнай базай улады з’ўляюцца кансерватыўныя слаі насельніцтва, найменш успрымальныя да дэмакратычных каштоўнасцяў і найбольш залежныя ад дзяржавы. Гэта — пенсіянеры, калгаснікі, рабочя датуемых буйных дзяржаўных прадпрыемстваў. Таксама гэта чыноўнікі, якія атрымалі высокія легальныя даходы і магчымасць нелегальнага ўзбагачэння, буйны і часткова сярэдні бізнес, што цесна пераплецены з уладай і мае адміністрацыйныя прэферэнцыі, некаторыя супрацоўнікі сілавых структур, што баяцца крымінальнага пераследу за злачынствы супраць апанентаў рэжыму ў выпадку змены ўлады. Работнікі пабудаваных па жорстка каманднаму прынцыпу дзяржаўных сістэм аховы здароўя і адукацыі скарыстоўваюцца, як прымусовыя валанцёры для працы з насельніцтвам і ў выбарчых камісіях пад час электаральных кампаній.

Пакуль улада выконвала свае сацыяльныя абавязацельствы па падтрыманню прымальнага ў вачах большасці жыццёвага ўзроўню, яна валодала ўнутранай легітымнасцю для значнай часткі насельніцтва краіны . Але, пры працяглым па часе зніжэнні жыццёвага ўзроўню, гэта легітымнасць можа быць згублена.

  1. Народная гаспадарка краіны

Эканоміка краіны, за выключэннем часткі дробнага гандлю і прысядзібных зямельных участкаў у вёсцы, амаль цалкам кантралюецца дзяржавай. Правячы рэжым не скарыстаўся разбурэннем савецкай народнай гаспадаркі, каб пабудаваць у Беларусі на яе месцы сучасную канкурэнтназдольную рынкавую эканоміку. Замест гэтага на тэрыторыі краіны была рэанімавана адміністрацыйна-камандная мадэль эканомікі. Большая частка валавага ўнутранага прадукта экспартуецца. Унутраны попыт вельмі нізкі. Асноўнымі складальнікамі беларускага экспарту з’яўляюцца:

  • экспартуемыя на Захад нафтапрадукты, вырабленыя з таннай для Беларусі расійскай нафты;
  • прамысловая прадукцыя, якая прадаецца ў асноўным на адкрытым для яе расійскім рынку па праграмах дзяржаўных закупак і мае нізкую канкурэнтаздольнасць на іншых рынках;
  • калійныя ўгнаенні і іншыя сыравінныя тавары.

Ва ўмовах рэзкага зніжэння кошту нафты на сусветных рынках даходы ад экспарту нафтапрадуктаў істотна паменьшыліся. Значна ўпаў экспарт беларускіх тавараў у Расію, бо аб’ём расійскага рынку, які грунтуецца на даходах ад нафты і газа, кардынальна зменшыўся з падзеннем коштаў на вуглевадароды. Сутыкнуўшыся з рэзкім ростам дэфіцыту знешнегандлёвага балансу беларускія ўлады спрабуюць “закансерваваць” эканоміку ў спадзяванні на хуткае завяршэнне сусветнага крызісу і значны рост цэнаў на нафту. Яны перайшлі да пошуку крэдытаў ва ўсім свеце. З мэтай атрымання крэдытаў на Захадзе пачалася імітацыя эканамічнай і палітычнай лібералізацыі.

Крызіс выявіў відавочную тупіковасць беларускага шляху эканамічнага развіцця, заснаванага на адміністрацыйным кіраванні народнай гаспадаркай і прывязцы нашай эканомікі да эканомікі другой краіны, якая сама надзвычай залежыць ад кошту бочкі нафты на сусветным рынку. Але нізкаканкурэнтная, адміністрацыйна кіруемая прамысловасць дазваляе рэжыму захоўваць кантроль над значнай часткай выбаршчыкаў па месцы іх працы.

Гэты кантроль ажыццяўляецца шляхам:

ідэалагічнай апрацоўкі работнікаў спецыяльна прызначанымі службовымі асобамі;

  • выяўлення, запалохвання, альбо пераследу праціўнікаў рэжыму;
  • прымушэння да датэрміновага галасавання на выбарах;
  • кіравання ўчастковымі выбарчымі камісіямі, што звычайна ствараюцца з супрацоўнікаў адной арганізацыі.

Захаваная без зменаў звышстратная калгасная сельская гаспадарка яшчэ больш эфектыўна выконвае функцыю кантролю, бо ахоплівае яшчэ і месца жыхарства .

Амаль татальны кантроль над эканамічным жыццём краіны дазваляе рэжыму яшчэ і вырашаць задачу фінансавае блакады любой апазіцыйнай дзейнасці, што кардынальна ўплывае на маштабы такой дзейнасці . Відавочна, што правячы рэжым у мэтах самазахавання будзе імкнуцца любымі сродкамі захаваць існуючую зараз эканамічную мадэль, нават ва ўмовах глыбокага і працяглага эканамічнага крызісу.

  1. Расія

Мэта гэтай краіны ў адносінах да Беларусі — палітычны і эканамічны кантроль , а ў ідэале — далучэнне. Менавіта велізарныя па беларускіх маштабах расійскія датацыі зрабілі магчымым існаванне ў нашай краіне адміністрацыйнай эканомікі, а значыць, і правячага на яе аснове рэжыму. Канфлікты паміж суб’ектамі “Саюзнай дзяржавы” звязаны не з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі, а з яе нежаданнем яшчэ большага палітычнага ці эканамічнага кантролю з боку Расіі. Для Крамля больш пажаданым, чым сённяшні кіраўнік нашай краіны, будзе толькі такі палітык, які гатовы на большыя саступкі палітычнага і эканамічнага суверэнітэту. Любы дэмакратычны ўрад Беларусі будзе імкнуцца ў нацыянальных інтарэсах мець добрыя адносіны з усімі суседзямі нашай краіны. Расія ж вельмі негатыўна ўспрымае магчымасць цесных стасункаў Беларусі з Захадам. Таму Крэмль, па сутнасці, не зацікаўлены ў дэмакратызацыі нашай краіны . Ён хоча паступова згортваць датацыі беларускай эканоміцы, каб прымусіць рэжым да інтэграцыі на сваіх умовах, альбо хаця б зменшыць выдаткі на яго ўтрыманне.

Цяжкае эканамічнае становішча прымусіла беларускі рэжым да значных саступак Расіі. Ён падпісаў з Масквой дамову аб адзінай СПА, узяўшы абавязак не толькі забяспечваць Расію інфармацыяй аб паветранай абстаноўцы, але і знішчаць сродкі паветранага нападу іншых краін па загаду расійскіх генералаў. Такім чынам, Беларусь зноў, як і ў савецкія часы, зрабілася патэнцыйным аб’ектам нападу з боку магчымчх праціўнікаў Расіі.

Разам з тым, каб збалансаваць ціск Масквы, беларускі рэжым рэзка актывізаваў пошук падтрымкі на Захадзе. З гэтай мэтай ён заявіў аб гатоўнасці да палітычнай і эканамічнай лібералізацыі і пайшоў на “кропкавую” дэмакратызацыю, зрабіўшы шэраг невялікіх саступак, якія не пагражаюць яго асновам.

  1. Захад

Еўрапейскі Саюз, які ўжо мяжуе з нашай краінай, і ЗША хацелі б ператварэння Беларусі ў дэмакратычную прадказальную і паспяховую краіну. Яны гатовы аказваць дзеля гэтага ўплыў на беларускі рэжым і дапамогу яго апанентам. Палітычны ціск з боку Захаду грунтаваўся на непрызнанні міжнароднай легітымнасці беларускіх уладаў і адмове ў кантактах высокага ўзроўню з яе першымі асобамі. Пры ўсёй непрыемнасці для гэтых асоб палітычных санкцый, яны не пагражалі існаванню беларускага рэжыму.

Эканамічны ўціск на рэжым у найбольшай ступені гатовы аказваць ЗША, якія не маюць эканамічных інтарэсаў у Беларусі. Найменшую схільнасць да эканамічных санкцыяў выяўляюць краіны ЕС, што зацікаўлены ў Беларусі, як транзіцёры расійскіх энерганосбітаў у Еўропу і еўрапейскіх тавараў у Расію. У першую чаргу — гэта краіны-суседзі Беларусі, што дадаткова яшчэ зацікаўлены ў беларускім рынку ці загрузцы беларускімі экспартнымі таварамі сваіх портаў. Урады краін ЕС не зацікаўлены ў дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі, што пагражае спыненнем паставак расійскіх нафты і газу, а таксама з’ўленнем вялікай колькасці бежанцаў.

Палітычная падтрымка Захадам дэмакратычных сіл Беларусі рэалізавалася шляхам кантактаў з іх прадстаўнікамі афіцыйных асоб ЗША і краін ЕС, а таксама рэгулярнымі заявамі дзяржаўных і міжнародных арганізацый з пратэстамі супраць парушэння правоў чалавека ў Беларусі. Пры вонкавай неэфектыўнасці такіх захадаў, яны аказвалі неабходную псіхалагічную падтрымку беларускай апазіцыі, бо даказвалі ёй маральнасць яе пазіцыі ва ўмовах прэсінгу з боку ўладаў.

Памеры эканамічнай дапамогі грамадзянскай супольнасці Захадам дазвалялі толькі падтрымліваць яе існаванне і не даюць магчымасці дэмакратычным сілам, напрыклад, скласці рэальную канкурэнцыю праўладным СМІ на інфармацыйным полі краіны.

Разам з тым, ёсць прыклады і эфектыўнай практычнай дапамогі. Гэта ў першую чаргу рэалізацыя шэрагу праектаў па лячэнню і аздараўленню дзяцей з чарнобыльскіх раёнаў у краінах Еўрапейскага саюза, “Праграма імя Каліноўскага”, праект спадаражніковага тэлебачання ”Белсат”.

Пасля расійска-грузінскай вайны ў жніўні 2008 года кіраўніцтва аб’яднанай Еўропы зразумела, што краіны, якія знаходзяцца паміж ЕС і Расіяй, з’яўляюцца аб’ектамі моцнага ўціску Масквы. Крэмль дагэтуль не можа скарыцца з іх незалежнасцю. Каб зменшыць расійскі ўціск і даць гэтым краінам іншую альтэрнатыву, ЕС вырашыў узмацніць супрацоўніцтва з імі. З гэтай мэтай была распрацавана праграма “Усходняе партнерства”. Кіраўніцтва ЕС таксама станоўча адрэагавала на захады афіцыйнага Мінску па наладжванню дыялогу.У адказ на яго заявы аб гатоўнасці да лібералізацыі, якія суправаджаліся асобнымі саступкамі, ЕС распачаў дыялог з беларускім рэжымам. МВФ выдзеліў Беларусі значны крэдыт на падтрымку яе эканомікі. Падтрымка Захадам беларускага рэжыму ў крытычны для яго час мае наступныя станоўчыя і адмоўныя наступствы для нашай краіны:

Беларусь пачынае працэс вяртання ў Еўропу;

  • умацоўваецца незалежнасць Беларусі ад Расіі;
  • апазіцыя атрымала перадышку ў выніку спынення працэсу эскалацыі рэпрэсіяў;
  • актывісты дэмакратычных арганізацыяў, якія грунтавалі свой супраціў на еўрапейскіх ідэалах свабоды, адрымалі моцны псіхалагічны ўдар і адчулі сябе падманутымі несумленнай, на іх погляд, пазіцыяй еўрапейскіх палітыкаў;
  • беларускі рэжым атрымаў магчымасць працягнуць фінансаванне свайго рэпрэсіўнага апарату і “савецкай” эканомікі за кошт заходніх крэдытаў і дадатковай дапамогі Расіі, напалоханай беларуска-еўрапейскімі кантактамі;
  • першы дэмакратычны ўрад Беларусі атрымае ў спадчыну, акрамя неэфектыўнай эканомікі і сацыяльных праблем, яшчэ і дзесяткі мільярдаў даляраў пазык.
  1. Апазіцыя

Асновай беларускай апазіцыі з’яўляюцца дэмакратычныя партыі, прадстаўнікі якіх складаюць таксама аснову найбольш значных няўрадавых арганізацый. Гэтыя партыі фармаваліся, як партыі парламенцкага тыпу і паспелі напрацаваць значны вопыт арганізацыі і вядзення выбарчых кампаній. Ва ўмовах ператварэння ў сучаснай Беларусі выбараў у фікцыю выбарчы вопыт партый стаўся незапатрабаваным, а арганізацыя і формы іх дзейнасці патрабуюць зменаў. У сувязі з адсутнасцю магчымасцяў парламенцкай дзейнасці, асноўнай пляцоўкай дзейнасці апазіцыі ў перапынку паміж электаральнымі кампаніямі сталіся вулічныя акцыі. У сувязі з гэтым узрасла роля нефармалізаваных моладзевых арганізацый.

Беларуская апазіцыя, як і беларускае грамацтва, расколата па геапалітычнай і каштоўнаснай арыентацыі на “еўрапейскую” і “савецкую” ці “прарасійскую” часткі. Гэта не дазваляе ёй у яе сённяшнім “аб’яднаным” фармаце сфармаваць агульныя пераканаўчыя адказы на самыя важныя пытанні развіцця краіны. Раскол у апазіцыі можа расці, бо яе прарасійская частка апынулася перад спакусай скарыстаць уяўны дрэйф беларускага рэжыму ў бок Захаду і заняць месца больш надзейнага партнёра Масквы ў нашай краіне.

Найвялікшай праблемай для апазіцыі з’ўляецца адсутнасць эфектыўных сродкаў масавай камунікацыі з выбаршчыкамі. Гэта дазваляе ўладам ствараць любы вобраз апазіцыі з дапамогай, найперш, манапольна кантралюемага тэлебачання і нават “красці” яе асобныя прапановы, удаючы іх за свае.

Апазіцыя не мае магчымасці прыцягнення фінансавых сродкаў унутры краіны, бо фундаванне яе праграм айчыннымі бізнэсменамі пагражае фундатарам зняволеннем. Прапаганда рэжыму скарыстоўвае залежнасць апазіцыі ад знешніх крыніц фінансавання. У выніку прыведзеных фактараў апазіцыя ўспрымаецца ў якасці пазітыўнай альтэрнатывы меншай часткай грамадства.

Патэнцыйнай сацыяльнай базай дэмакратычных сілаў з’яўляюцца прадстаўнікі дробнага і часткі сярэдняга бізнесу, работнікі прыватных прадпрыемстваў, студэнцкая моладзь, інтэлігенцыя, найбольш маладая і адукаваная частка насельніцтва буйных гарадоў. З-за адсутнасці рэальных выбараў цяжка ацаніць рэальную папулярнасць дэмакратычных сілаў. Сацыялагічныя апытанні абцяжараны адміністрацыйнымі абмежаваннямі. Іх дакладнасць выклікае таксама сумнеў у сувязі з адсутнасцю ўліку “рэйтынгу страху” рэспандэнтаў, змушаных адказваць на небяспечныя пытанні сацыёлагаў па месцы жыхарства. Некаторае ўяўленне аб электаральным патэнцыяле апазіцыі можна скласці па выніках экзіт-пулаў. Апошні такі экзіт-пул удалося правесці падчас парламенцкіх выбараў увосень 2004 года. Згодна з ім апазіцыйныя кандыдаты, нягледзячы на няроўныя ўмовы агітацыі, пры сумленным падліку галасоў перамагалі б у 40% акругаў.

  1. Высновы

З аналізу сітуацыі ў Беларусі і вакол яе вынікае наступнае:

  1. Беларускае грамадства ў асноўным падрыхтавана да дэмакратычных механізмаў кіравання дзяржавай.
  2. Правячы рэжым ахоплівае і скарыстоўвае ў агульным механізме кантролю над краінай усе вобласці публічнай дзейнасці — прадпрыемствы, установы сацыяльнага забеспячэння, адукацыі і аховы здароў’я, СМІ, суды, сілавыя структуры і прадстаўнічыя ворганы. Страта кантролю над любой з гэтых абласцей пагражае ўстойлівасці рэжыму.
  3. Створаная рэжымам палітычна-эканамічная сістэма не з’яўляецца самадастатковай. Яна патрабуе для свайго існавання на сённяшнім узроўні істотнай знешняй падтрымкі. Асноўная крыніца такой падтрымкі — Расія, патрабуе за яе платы палітычным і эканамічным суверэнітэтам. Новы патэнцыйны донар — ЕС, патрабуе палітычнай і эканамічнай лібералізацыі.
  4. Сістэма матывацыі кіраўніцтва ў дзяржаўных установах стымулюе пашырэнне і паглыбленне рэпрэсій супраць іншадумцаў. Рэжым скіраваны на захаванне ягонага кантролю над краінай.
  5. Палітычная і эканамічная лібералізацыя пагражае ўстойлівасці рэжыма. У яго кіраўніка ёсць, з улікам летальнага выніку для СССР спроб дэмакратызацыі савецкай сістэмы, цвёрдая ўпэўненасць у непрымальнасці лібералізацыі. Таксама ёсць небяспечным для рэжыму і спыненне рэпрэсій супраць апазіцыі, тым болей — прызнанне яе раўнапраўным суб’ектам перамоў, бо гэта дэзарыентуе і дэмаралізуе створаную сістэму ўлады.
  6. Пры захаванні сённяшняга рэжыму пераход краіны да дэмакратыі немагчымы. Нават дэмакратызуючы пад ціскам заходніх донараў выбарчае заканадаўства, рэжым знойдзе новыя магчымасці па такому яго практычнаму выкарыстанню, якое забяспечыць неабходны для ўладаў узровень фальсіфікацыі вынікаў выбараў.
  7. Праблема дэмакратызацыі Беларусі не можа быць вырашана звонку, без вырашальнага ўнёску дэмакратычных сілаў, якія могуць выкарыстаць пэўныя “ліберальныя” саступкі саслабелага рэжыму.
  8. Беларуская апазіцыя пакуль не здолела прапанаваць грамацтву відавочнай для большасці пазітыўнай альтэрнатывы і стаць для гэтае большасці ўвасабленнем такой альтэрнатывы . Прычына гэтага — геапалітычныя і каштоўнасны раскол апазіцыі.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *