Грамадская акцыя

Прысяга на вернасць Беларусі

 Выбараў зноў не будзе.

Значыць, не будзе эканамічных рэформаў, працягнецца пагаршэнне жыцця людзей.
Беларусь застанецца ў ізаляцыі ад Захаду, неабароненай міжнароднай супольнасцю ад магчымай агрэсіі з Усходу.

Асобы, якія захапілі ўладу над краінай, не маюць ідэалаў, не маюць гонару. Яны не будуць рызыкаваць сабой, каб бараніць Беларусь. Несвабода краіны пагражае яе незалежнасці.
Мы будзем змагацца за новыя, сапраўдныя выбары. Але перад пагрозай нашай дзяржаве і нацыі трэба ўжо зараз цвёрда прадэманстраваць нашую рашучасць бараніць сваю краіну. 

Калі незалежнасць Беларусі была яшчэ вельмі маладой, на Ўсходзе пачалася кампанія супраць існавання нашай дзяржавы і нават супраць прызнання беларусаў нацыяй. У адказ на гэта патрыятычныя арганізацыі правялі 8 верасня 1992 года акцыю грамадскай прысягі на вернасць Беларусі. У акцыі прынялі ўдзел тысячы грамадзянаў, якія пакляліся на Плошчы бараніць у выпадку неабходнасці сваю краіну са зброяй у руках. Тая акцыя надоўга спыніла шавіністычную істэрыю вакол нашай незалежнасці.

Зараз, калі пагроза ўзнікла зноў, калі побач з нашымі межамі ўжо разгортваюцца вайсковыя сілы, а ўлады ў адказ толькі дэманструюць гатоўнасць уздымаць над сабой чужы сцяг, час патрыётам заявіць, што Беларусь не застанецца неабароненай, што яе ёсць каму бараніць. Наша цвёрдасць можа спыніць патэнцыйнага агрэсара.

Мы заяўляем пра свой намер правесці 12 верасня падчас мітынга за сапраўдныя выбары акцыю грамадскай прысягі на вернасць Беларусі і гатоўнасць бараніць яе незалежнасць са зброяй у руках.

Заклікаем усіх, хто лічыць сябе патрыётам Беларусі, узяць удзел у акцыі прысягі. Годзе маўчаць! Пакажам сваю рашучасць!

12 верасня ў 18.00 на Кастрычніцкай плошчы Мінска.
Жыве Беларусь!

Уладзімір Някляеў
Мікалай Статкевіч