Прызначаны новы суд над Мікалаем Статкевічам

На 4 траўня прызначаны працэс над былым кандыдатам на прэзыдэнта Мікалаем Статкевічам, якому зноў пагражае турэмны рэжым за нібыта парушэньні правілаў адбыцьця зьняволеньня ў шклоўскай калёніі.

Жонка палітвязьня Марына Адамовіч не выключае, што працэс маглі правесьці ўжо сёньня, 28 красавіка.

«Дакладна ведаю, што ў калёніі быў судзьдзя са Шклоўскага райсуду, таму можна меркаваць, што зьбіраліся правесьці працэс ужо сёньня. Але нешта не супала, і перапрызначылі на 4 траўня, паведамілі пра гэта адвакату. Працэс адбудзецца тут, у калёніі, у 14:30. Пакуль гэта ўсё, што вядома», — паведаміла Марына Адамовіч.

Марына Адамовіч не выключае, што суд адправіць Мікалая Статкевіча адбываць далейшае пакараньне ў крытую турму. «Інакш бы гэта ўсё не пачыналі», — кажа жонка палітвязьня.

На пачатку красавіка стала вядома, што адміністрацыя шклоўскай калёніі ініцыявала новую крымінальную справу супроць Мікалая Статкевіча паводле абвінавачаньня ў шматлікіх парушэньнях турэмнага рэжыму. Да гэтага на палітвязьня наклалі больш за 10 спагнаньняў, у тым ліку за тое, што ён адмаўляўся працаваць на гэтак званым «самаабслугоўваньні тэрыторыі».

Між тым зь пераводам Мікалая Статкевіча на пачатку году ў шклоўскую калёнію ён больш за месяц працаваў на «самаабслугоўваньні тэрыторыі» і адмовіўся ад працы толькі тады, калі асабіста яму ў некалькі разоў павялічылі працоўную норму. Мікалай Статкевіч заявіў, што на той момант ён ужо зафіксаваў парушэньні адміністрацыі адносна палітвязьняў і далей ня будзе выконваць незаконныя распараджэньні. З часу зьяўленьня ў шклоўскай калёніі Мікалай Статкевіч не выключаў, што адміністрацыя зробіць усё, каб адправіць яго як найхутчэй у крытую турму.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў у дзень апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, 19 сьнежня 2010 году. Сваёй віны Статкевіч не прызнаў і ў зьняволеньні некалькі разоў адмаўляўся падпісваць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. Пасьля суду каля паўгода палітыка трымалі ў шклоўскай калёніі, куды вярнулі праз 3 гады знаходжаньня ў крытай магілёўскай турме. Цяпер Мікалаю Статкевічу зноў «сьвеціць» турэмны рэжым.

Мікалай Статкевіч — адзіны з шасьці затрыманых 19 сьнежня 2010 году кандыдатаў на прэзыдэнта, каго дагэтуль трымаюць у вязьніцы. Праваабаронцы і апазыцыя ў Беларусі ўжо амаль 4,5 года патрабуюць неадкладнага вызваленьня Мікалая Статкевіча.

На пытаньне, як цяпер пачуваецца Мікалай Статкевіч, ягоная жонка Марына Адамовіч адказала карэспандэнту Свабоды: «Новых зьвестак няма. Званкоў ад яго даўно не было, а лісты спазьняюцца».

Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода