Раман Якаўлеўскі: “ЕЗ падставіў Менску другую шчаку”
Запрасіўшы кіраўніка МЗС Беларусі ў Кракаў, Еўразвяз у чарговы раз паблытаў паняцці «надзеі» і «ілюзіі».
Такое меркаванне сайту charter97.org выказаў палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, каментуючы запрашэнне Уладзіміра Макея на сустрэчу кіраўнікоў МЗС краін «Усходняга партнёрства» ў Кракаў.
«Запрашэнне міністра замежных спраў Беларусі ў Кракаў сведчыць пра тое, што ініцыятары дадзенага запрашэння недастаткова ўважліва чыталі інтэрв\’ю Макея РІА «Новости» ў пачатку красавіка. У ім ён даволі ясна і адкрыта выклаў жорсткую і нязменную пазіцыю афіцыйнага Менска ў дачыненні да планаў па мадэрнізацыі Беларусі і нармалізацыі стасункаў з Захадам. Сутнасць інтэрв\’ю можна было б перадаць так: Еўразвяз павінен мець справу з беларускімі ўладамі, а не з апазіцыяй. Што датычыцца палітзняволеных, то яны нават не прызнаваліся за тэму. І гэта красавіцкае інтэрв\’ю можна характарызаваць, як аплявуху ЕЗ, а запрашэннем у Кракаў Еўропа па-хрысціянску добраахвотна падставіла другую шчаку», – заявіў палітычны аглядальнік.
Ён падкрэсліў, што ў канцы мінулага года, калі Украіна прэзентавала сваё старшынства ў АБСЕ ў Дубліне, Макей, які мае афіцыйнае запрашэнне, туды не паехаў.
«Замест яго тады быў першы намеснік Аляксандр Міхневіч. А цяпер, але ўжо ў Кракаў, паехала іншы намеснік – Алена Купчына, якая, павінен адзначыць, успрымаецца ў Еўропе. Яна была амбасадарам у Будапешце. Я лічу, што на дадзеным этапе стасункаў афіцыйнага Менска з аб\’яднанай Еўропай кантактаў на ўзроўні Купчынай цалкам дастаткова. Макей нічога новага сказаць не можа, таму што ў нас у краіне, як вядома, усё вырашае адзін чалавек», – дадаў Раман Якаўлеўскі.
Ён лічыць, што чуткі пра тое, што кіраўнік беларускага МЗС нібыта трапіў у апалу і няласку і таму не можа даехаць ні да Нью-Йорка, ні да Кракава, пазбаўленыя ўсялякіх падстаў.
«Больш за тое, мы ўжо назіралі такую тактыку ў 2010 годзе, калі распускалі чуткі аб нейкай празаходнясці Макея і гэтак далей. Мы гэта ўжо праходзілі, і нічога новага ў гэтым няма. І тыя, хто падкідвае такога роду інфармацыю, будзь гэта незалежныя палітолагі або апазіцыйныя палітыкі, такім чынам льюць ваду на млын правячаму рэжыму і пудраць мазгі Еўропе. Таму еўрапейцы ў чарговы раз пераблыталі паняцці «надзеі» і «ілюзіі», запрасіўшы міністра замежных спраў Беларусі ў Кракаў», – упэўнены палітычны аглядальнік.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што дадзеная ініцыятыва польскага МЗС была праяўленая відавочна пад уплывам падобнага роду дарадцаў.
«Тут маюцца на ўвазе тыя, якія пераконвалі, што Макей ці ледзь не надзея на нармалізацыю адносін. Вось і атрымалі. Ад сябе асабіста скажу, што ад дадзенай няўдачы і відавочных памылковых дзеянняў, якія грунтаваліся на ілюзіях, а не на рэаліях, могуць пацярпець некаторыя польскія палітыкі і чыноўнікі. Памылкамі сваіх апанентаў, якія паддаюцца на падобныя хітрыкі, можа скарыстацца польская апазіцыя», – падсумаваў Раман Якаўлеўскі.
Нагадаем, Уладзімір Макей быў запрошаны на сустрэчу кіраўнікоў МЗС краінаў «Усходняга партнёрства».
Пра гэта паведаміла амбасада Польшчы ў Менску. Сустрэча, у якой таксама прымуць удзел міністры дзяржаў Вышаградскай групы, пройдзе 17-18 траўня ў Кракаве. Беларускі МЗС пацвердзіў запрашэнне неўязнога міністра замежных спраў, але паведаміў, што замест Уладзіміра Макея ў Кракаў паедзе яго намеснік Алена Купчына.