Тры гады без вясны…
Мікалай Статкевіч ужо тры гады не бачыў вясны… Не бачыў у абсалютна прамым сэнсе — перад яго вачамі толькі муры і кавалачак неба праз краты…
«Мікола тры гады не бачыў вясны… У абсалютна прамым сэнсе — толькі муры і кавалачак неба праз краты… У яго было крыху лета і восень ў 2011-м… І ўсё…» — напісала ў Фэйсбуку яго жонка Марына Адамовіч.
— Я сёння атрымала ліст ад Мікалая, — кажа Марына, — у якім ён дзякуе за новы тэлевізар, які два тыдні таму яму перадала, дзякуючы сябрам-аднапартыйцам. Пасля новага году яму, нарэшце, дазволілі тэлевізар… Да гэтага ён мог толькі радыёкропку слухаць некалькі гадзін на дзень. Дык вось, ён перадаў падзяку і напісаў, што, дзякуючы гэтаму, ведае цяпер, «што у вас ужо новае лісце на бярозах з\’явілася».
Уявіць страшна, што чалавек лісце на дрэвах бачыць толькі ў сюжэтах з навін. І тое — радасць, бо мінулыя дзве вясны, акрамя муроў і неба праз краты, не меў і гэтага.
Марына Адамовіч паведаміла таксама, што працягваюцца праблемы з ліставаннем — апошнім часам лісты з турмы даходзяць праз адзін.
— Якой логікай кіруецца мясцовая адміністрацыя, зразумець цяжка, -зазначае жонка Мікалая Статкевіча, — бо лісты, у якіх ён паўтарае змест канфіскаваных, да мяне даходзяць. Мабыць, проста, загадалі праз адзін «прапускаць», вось і шчыруюць.
Адазваўся палітвязень і на няспраўджаныя аптымістычныя чаканні вызвалення на Вялікдзень:
«Шчыра кажучы, вельмі здзівілі дастаткова масавыя, як я зразумеў, чаканні вызвалення на Вялікдзень. «БГ» нават апытанне на сайце рабіла. Андрэя і Дзіму вызвалілі на Вялікдзень выпадкова. Проста, цягнулі з разглядам іх прашэнняў у спадзяванні, што я і Зміцер далучымся. І дацягнулі да паседжання камісіі па памілаваннях, якая засядае двойчы ў год — у сярэдзіне вясны і ў сярэдзіне восені. І пры чым тут Вялікдзень? Гэта ж так нехарактэрна для праваслаўных атэістаў».