Расейскі консул назваў надуманай пазыцыю Менску аб змове затрыманых «баевікоў» зь Ціханоўскім і Статкевічам

Супрацоўнікі консульскага аддзела пасольства Расеі сустрэліся з затрыманымі ў Беларусі расійскімі грамадзянамі, паведаміла дыпмісія ў Twitter.

| На фота: Будынак пасольства Расійскай Федэрацыі ў Мінску

Што адбылося?

  • Сьледчы камітэт паведаміў 30 ліпеня пра завядзеньне шэрагу крымінальных спраў супраць блогера Сяргея Ціханоўскага і іншых, затрыманых у ягонай справе. Паводле артыкулу аб распальваньні сацыяльнай, расавай ці нацыянальнай варожасьці Ціханоўскаму пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Акрамя таго, у дачыненьні да Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага і іншых асоб завялі крымінальную справу па факце падрыхтоўкі да масавых беспарадкаў. Ім пагражае да 8 гадоў пазбаўленьня волі.
  • 31 ліпеня дзяржаўны тэлеканал АНТ заявіў пра сувязь затрыманых расейскіх баевікоў з Сяргеем Ціханоўскім і Міколам Статкевічам.

«Абсалютна надуманая і несапраўднай пазыцыя»

«Консул правёў сустрэчу з затрыманымі. Наколькі вядома, наведваньне затрыманых было працяглым па часе», — адзначылі ТАСС у расейскай амбасадзе.

Консул расейскай амбасады у Беларусі Кірыл Плетнеў у эфіры тэлеканала «Расія-24» паведаміў, што 33 расіянам прадʼяўленая копія пастановы аб прымяненьні меры стрыманьня ў выглядзе зьмяшчэньня пад варту.

«Такі дакумэнт быў прадʼяўлены кожнаму з нашых расійскіх грамадзян, у адпаведнасьці з якім відавочна прасочваецца тэндэнцыйная накіраванасьць дзеяньняў беларускіх уладаў. У прыватнасьці, хацелася б адзначыць, што паказваецца на наўмысныя дзеяньні групы асоб па папярэдняй змове сумесна з Ціханоўскім і Статкевічам, што, на наш погляд, зьяўляецца абсалютна надуманай і несапраўднай пазыцыяй», — сказаў консул.

29 ліпеня стала вядома, што беларускія спэцслужбы затрымалі больш за 30 расейцаў. СМІ паведамлялі, што расейцы — байцы так званай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра. Сьледчы камітэт Беларусі падазрае іх у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Журналісты таксама выказалі здагадку, што затрыманыя маглі накіроўвацца транзытам празь Менск у Судан або Лібію для ўдзелу ў баявых дзеяньнях.

Амбасадар Расеі ў Беларусі Дзьмітры Мезенцаў заявіў, што расейцы — супрацоўнікі прыватнага ахоўнага прадпрыемства. Яны ехалі транзытам у Стамбул у рамках выкананьня абавязаньняў паводле камэрцыйнага кантракту. Мезенцаў таксама дадаў, што затрыманыя мелі намер вылецець у Стамбул 25 ліпеня, але спазьніліся на рэйс з аэрапорта Менску. Пасьля гэтага яны засяліліся групай у санаторый.

Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў Маскву ў «брудных намерах». Дзярждума і Савет Фэдэрацыі Расеі заявілі, што не зацікаўленыя ў дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі.

Прэс-сакратар Крамля Дзьмітры Пяскоў назваў беспадстаўным затрыманьне расейскіх грамадзян. Дзеяньні Менску, паводле яго, ня ўкладваюцца ў парамэтры саюзьніцкіх адносін. «Мы спадзяёмся і нават перакананыя, што ў самы бліжэйшы час нашы беларускія калегі разьбяруцца з гэтым інцыдэнтам і адпусьцяць расейскіх грамадзян», — сказаў Пяскоў.