Шлях Вольных [2006]

(для перадачы Радыё Свабода “У што я веру”)

Было гэта на адным з палiгонаў у казахскiм стэпе, куды наша брыгада прыехала з Поўначы для баявых стрэльбаў па паветраных мiшэнях. Камандны пункт брыгады, за тэхнiку якога я адказваў, месцiўся ў бункеры з вельмi складаным уваходам, падобным да лабiрынта з перашкодамi. Аднойчы, калi мне трэба было тэрмiнова трапiць на паверхню, мясцовы iнструктар сказаў, што ёсць яшчэ адзiн, вельмi просты выхад — цёмны калiдор. Ён зачынiў за мной бранiраваныя цяжкiя дзверы i я апынуўся ў поўнай цемры. Хацелася вярнуцца назад, у аператыўную залу каманднага пункта, дзе ў вялiкай прасторы зяленым ды сiнiм свяцiлiся шматлiкiя планшэты i экраны. Пайшоў наперад, выставiўшы рукi перад сабой. Амаль адразу натыкнуўся на халодную сценку калiдора. Узяў у другi бок. Вельмi хутка — зноў сцяна. Пакрысе, усе радзей натыкаючыся на сцены, я выбраў накiрунак, якi вывеў мяне да такiх жа бранiраваных дзвярэй, за якiмi было неба i залiты сонцам стэп.

Я веру, бо маё пачуццё i досвед сведчаць пра тое, што чалавеку прызначаны ў ягоным жыццi свой Шлях. Але вельмi цяжка i складана вызначыць, якi гэта Шлях. Як i вельмi складана прайсцi свой Шлях да канца.

Я часам узгадваю той цёмны калiдор, бо гэты выпадак нагадвае мне пошук свайго Шляху чалавекам, якi хоча быць вольным. Ты пачынаеш у цемры, не ведаючы, куды iсцi. Твой компас — уласная годнасць. Хочацца вярнуцца назад, у штучны свет звыклых жыццёвых стэрэатыпаў i банальных памкненняў. Так страшна заблукаць у гэтай цемры iснавання з разбiтымi iдэаламi i марна патрачаным жыццём. Але, калi ты хочаш прайсцi сваiм Шляхам, калi, натыкаючыся на перашкоды, збiваючы каленi i абдзiраючы рукi, ты рухаешся наперад, то знойдзеш яго i пройдзеш iм. Галоўнае — не спыняйся, не павярнi назад, а тое, што абрала цябе для гэтага шляху, i твая годнасць падкажуць накiрунак. Не спыняйся, i за iржавымi дзвярыма навязанных звычак, накопленных стагоддзямi страху i прынiжэнняў, ты ўбачыш неба, i сонца свабоды асвецiць твае жыццё. Я веру ў гэта. Я веру ў свой Шлях.

Мiкалай Статкевiч,
в. Блонь Пухавiцкага раёна Мiнскай вобласцi,
верасень 2006 г.