Заява Рады БНК: РЭЖЫМ ПАРУШАЕ ПРАВЫ ЛЮДЗЕЙ

Адбылося чарговае паседжанне Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу. Прадстаўнікі агульнанацыянальных арганізацый і рэгіянальных кааліцый абмеркавалі сітуацыю ў краіне і прынялі адпаведную заяву.

ЗАЯВА 
РАДЫ БЕЛАРУСКАГА НАЦЫЯНАЛЬНАГА КАНГРЭСУ

РЭЖЫМ ПАРУШАЕ ПРАВЫ ЛЮДЗЕЙ!

Рада БНК канстатуе, што правячы рэжым працягвае і ўдасканальвае палітыку парушэння правоў чалавека, гарантаваных Канстытуцыяй.

Парушаюцца правы на сумленны суд, на роўнасць суб\’ектаў эканомікі, на абарону прыватнай уласнасці. Гэта робіць эканоміку не прывабнай для інвестыцый, абмяжоўвае гаспадарчую ініцыятыву. У выніку эканамічная сітуацыя застаецца складанай, а ў большасці рэгіёнаў – бядотнай. Скарачаецца колькасць працоўных месцаў, змяншаюцца заробкі. Пенсіі забяспечваюць толькі выжыванне, а не нармальнае жыццё. Беларусь стала адной з трох самых бедных краін Еўропы – разам з ваяваўшай Малдовай і ваюючай Украінай.

Парушаюцца правы працоўных, пераследуюцца незалежныя прафсаюзы. Паўтары мільёны беларусаў вымушаны шукаць працу ў іншых краінах. Пусцеюць цэлыя рэгіёны. Беларусь губляе эканамічна актыўнае насельніцтва, а разам з ім – і будучыню.

Улада робіць чарговую спробу ўвесці антыканстутыцыйны пабор з беспрацоўных, каб прымусіць людзей працаваць за капейкі на кантрактным ланцугу і пад наглядам ідэёлагаў. Пад дзеянне адпаведнага дэкрэту можа патрапіць большасць з працуючых за мяжой беларусаў. Уводзіцца ўсеагульная электронная сістэма кантроля за працаздольнымі грамадзянамі краіны, якая непазбежна будзе выкарыстаная для палітычнага кантроля над грамадствам і рэпрэсій.

У пошуках лёгкіх і злачынных даходаў рэжым, парушаючы экалагічныя правы людзей, пачаў размяшчаць на нашай зямлі шкодныя вытворчасці. Пратэсты грамадскасці супраць небяспечных вытворчасцяў падаўляюцца, ці ігнаруюцца.

Улада грэбуе нават векавымі традыцыямі беларускага народа: пры яе спрыянні адбываецца здзек над памяццю тых, хто загінуў праз бальшавіцкія рэпрэсіі і пахаваны і Курапатах пад Мінскам, пад Віцебскам, Воршай ды іншых месцах шматпакутнай Беларусі.

Рэжым груба парушае правы грамадзянаў на гарантаваныя Канстытуцыяй мірныя сходы і дэманстрацыі, прысвоіўшы сабе права дазваляць, ці не даваць іх правядзенне. Несанкцыянаваныя рэжымам мірныя акцыі жорстка падаўляюцца. Звыклымі стала катаванні затрыманых актывістаў. Вярнулася практыка карнай псіхіятрыі.

Парушаецца права на атрыманне аб\’ектыўнай інфармацыі. Заблакаваны самы масавы грамадска-палітычны інтэрнэт-рэсурс “Хартыя-97”, а таксама шэраг іншых сайтаў – у тым ліку сайт Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу. Падвяргаецца ціску дзейнасць незалежных блогераў. Звыклымі сталі арышты і суды над журналістамі “Белсату”. Аказваецца негалоснае ўздзеянне на кіраўніцтва і журналістаў, каб змусіць іх да патрэбнага ўладзе асвятлення падзей.

Сістэмныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі сталі магчымымі праз выхад улады з-пад кантроля грамадства. Сітуацыя ў краіне ёсць вынікам ператварэння ключавога права грамадзянаў – права на сумленныя выбары – у поўную фікцыю. Беларускі Нацыянальны Кангрэс будзе працягваць барацьбу за правы людзей, выкарыстоўвачы ў гэтай барацьбе ўсе мірныя сродкі – у тым ліку публічныя акцыі пратэсту.

Уладу – народу!
Жыве Беларусь!

12 чэрвеня 2018 г.                                                                         г. Мінск