Сьмеласьць беларусам не пайшла на карысьць

Хоць хакейны чэмпіянат сьвету ў Менску яшчэ толькі пачаўся, але ён ужо стаў адметным на тле папярэдніх такіх спаборніцтваў сваёй незвычайнасьцю. Улады кінулі апазыцыянэраў за краты, забаранілі ўезд непажаданым замежным палітыкам. Бадай, гэтым менскі чэмпіянат найперш і адрозьніваецца ад падобных хакейных форумаў.

Беларускія памежнікі не ўпусьцілі ў Беларусь лідэра і міжнароднага дарадцу Моладзі хрысьціянска-дэмакратычнай партыі Нарвэгіі (KrFU) — Эміля Андрэ Эрстада і Лінэ Нордхаўг. Пра гэта Свабодзе апавёў сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі:

«Гэта партнэры нашых маладых дэмакратаў. Іх мусіла сустракаць Марына Хоміч — наш моладзевы лідэр. Яе міліцыянты, дарэчы, расшукваюць па ўсім Менску, нават у шафы зазіраюць. Наша партнэрства цягнецца ўжо болей за шэсьць год. Штогод праводзяцца розныя мерапрыемствы. І раней нарвэжцы рэгулярна прыяжджалі ў Беларусь. Але ў 2011 годзе забаранілі ўезд у Беларусь прадстаўніку „дарослай“ партыі. А моладзевыя актывісты яшчэ і ў 2012 годзе неяк прарываліся ў Беларусь. А летась іх ужо таксама павярнулі назад. І вось цяпер яшчэ адзін раз. І гэта нягледзячы на тое, што праводзіцца чэмпіянат сьвету».

Нарвэскія моладзевыя актывісты набылі квіткі на матч каманд Нямеччыны і Казахстана, які праходзіў 10 траўня. Яны прыляцелі ў Вільню, адкуль на цягніку накіраваліся ў Менск. Але на мяжы з Беларусьсю іх зьнялі зь цягніка і перасадзілі на цягнік назад да Вільні. Нарвэжцам заявілі, што яны знаходзяцца ў сьпісе асобаў, якім забаронены ўезд у Беларусь.

7 траўня падобная гісторыя адбылася з кіраўніком швэдзкай праваабарончай арганізацыі «Остгрупэн» Марцінам Углам. Яго затрымалі ў аэрапорце Менску і таксама паведамілі, што ён уключаны ў «чорны» сьпіс.

Улады кінулі ў ізалятары тры дзясяткі беларускіх моладзевых дэмакратычных актывістаў. Іх затрымалі прэвэнтыўна, каб моладзь не ладзіла акцыяў супраць дыктатуры. Вось так, падобна, выконваюцца абяцанкі Аляксандра Лукашэнкі правесьці чэмпіянат сьвету ў Менску так, як яго не праводзілі яшчэ нідзе.

Што тычыцца чыста спартовых паказьнікаў першых двух дзён чэмпіянату, то сярод галоўных, безумоўна, правал дэбютнай гульні нацыянальнай каманды Беларусі, якая саступіла камандзе Злучаных Штатаў Амэрыкі — 1:6. На розных сайтах з гэтай нагоды зьявіліся зьедлівыя камэнтары. Гаспадароў лёду папракаюць у бездапаможнасьці і бяззубасьці. А некаторыя людзі проста кпяць і пішуць «Нашы хакеісты забілі прыгожы тэхнічны гол у браму амэрыканцаў. На гэта праціўнік адказаў шасьцю выпадковымі галамі».

Прафэсійна стартавую гульню беларусаў для Свабоды разабраў генэральны мэнэджэр хакейнага клюбу «Дынама» (Менск), былы рэдактар газэты «Прессбол» Уладзімер Беражкоў. Ён кажа, што лік 1:6 не адпавядае рэальнай сіле каманд:

  

Уладзімер БеражкоўУладзімер Беражкоў

«Я думаю, што трэнэр беларусаў Глен Хэнлан адрэагаваў на эмацыянальны настрой, эмацыянальную атмасфэру адкрыцьця чэмпіянату сьвету. Ён доўга жыў у гэтай краіне і бачыў, як Беларусь рыхтавалася да гэтага сьвята, колькі высілкаў было патрачана. Ён ведаў, што „Менск-Арэна“ будзе забіта. І таму ён ня мог гуляць ад абароны, гуляць рацыянальна.

Зь першых хвілінаў было бачна, што нашы націскаюць. Трэнэр спадзяваўся, што эмацыйны парыў трыбун трапіць ва ўнісон з гульнёй хакеістаў. І нашы закінуць ужо на першых хвілінах пару шайбаў. Гэта была шалёна сьмелая тактыка. І калі б сапраўды нашы здолелі забіць, а на першых хвілінах былі дзьве такія магчымасьці, то тады ўсё, мабыць, павярнулася б інакш».

Чэмпіянат сьвету — даведка Свабоды