Спадзяванні на "добрага" Трампа.

Зараз у Беларусі шмат абмяркоўваюць новага прэзідэнта Амерыкі. Гэта цалкам лагічна. Бо, напрыклад, нават просты жыхар райцэнтра Магілёўскай вобласці з заробкам 90 рублёў ужо зразумеў сувязь свайго дабрабыту з коштам барэля нафты Brent і антырасійскімі санкцыямі.

Ён ня ведае, што такое той барэль, і шчыра верыць тэлевізару, што ў санкцыях вінаваты выключна паганы характар Абамы. Але ў тым, што ад таго барэля і таго характару цяпер залежыць, ці хопіць ў яго грошай на хлеб, ён упэўнены цвёрда. Тым болей, што, па яго здагадкам, амерыканскі прэзідэнт і ўсталёўвае кошт таго таямнічага барэля.

Такую ж, калі ня большую цікаўнасць выклікаюць амерыканскія выбары і ў суседняй расійскай Бранскай вобласці. Там таксама разважаюць аналагічна. Дакладней, глядзяць адны і тыя ж тэлевізійныя каналы. Ды на сабе адчулі і санкцыі, і барэль. А цяпер яшчэ і страх вайны з\’явіўся.

Толькі вось што цікава. Калі ў расіян, пры ўсіх цяжкасцях і страхах, рэйтынг іх прэзыдэнта – ў раёне 80%, то ў беларусаў да гэтай лічбы ўжо набліжаецца антырэйтынг тутэйшага “перасідэнта”.

Хаця, гэта можна патлумачыць. Расійскі прэзідэнт здолеў надзвычай удала, па меркаванню грамадзянаў яго пераважна халоднай паўночнай краіны, далучыць да Расіі кавалак паўднёвай блаславёнай зямлі каля цёплага сіняга мора. За што яны яму вельмі ўдзячныя.

Ніякія аргументы, апеляцыі да міжнароднага права і маралі тут не дапамогуць. Будуць трымаць забранае, цярпець санкцыі ды спадзявацца, што ўсе забудуць ці прывыкнуць. І ганарыцца сваёй “удалью”.

А чым можа пахваліцца “нашанькі”? 

Толькі тым, што недзе нейкую капейку выпрасіў? Але ж зараз тых капеек ужо на ўсіх не хапае, жыць робіцца невыносна. Ды і як справу ўмудрыўся паставіць – сваёй нафты ў нас мала, санкцыі ўжо не супраць нас і да Крыма нам цяпер не даехаць, а адграбаем за ўсё гэта па поўнай. Толькі і спадзяванняў, што на добрага Трампа.

Мікалай Статкевіч, Facebook