Беларускі Нацыянальны Кангрэс

Спыніць пераслед лідараў незалежнага прафсаюза! Заява Рады БНК

ЗАЯВА РАДЫ БЕЛАРУСКАГА НАЦЫЯНАЛЬНАГА КАНГРЭСУ

Спыніць пераслед лідараў незалежнага прафсаюза!

Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу выказвае абурэнне з нагоды крымінальнага пераследу лідараў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.

У жніўні мінулага года беларускі рэжым пачаў спецаперацыю супраць гэтага незалежнага прафсаюза. Ягонае кіраўніцтва пабывала пад арыштам. Па ўсёй краіне было дапытана болей за 500 прафсаюзных актывістаў. Дзейнасць прафсаюза РЭП была паралізаваная.

Незаконных дзеянняў не было выяўлена, і амаль год спатрэбіўся рэжыму, каб прыдумаць «крымінал». Г. Фядынічу і І. Комліку прад\’яўленыя абвінавачванні ў нявыплаце падаткаў з нібыта атрыманай прафсаюзам РЭП у 2011 годзе дапамогі ад міжнароднага прафсаюзнага руху. Па гэтых абвінавачваннях прафсаюзным лідарам пагражае да 7 год зняволення.

Абвінавачванні гэтыя з\’яўляюцца палітычна матываванымі. Яны выкліканыя актыўнай роляй прафсаюза РЭП у барацьбе за адмену дэкрэта на падатак з беспрацоўных. Гэта помста рэжыма прафсаюзным лідарам, пераслед якіх выглядае асабліва цынічным на тле раскошы, у якой жыве, ужо нават не хаваючы ўкрадзеныя ў народа грошы, кіроўны клан.

Рада БНК патрабуе неадкладнага скасавання хлуслівых абвінавачванняў, прад\’яўленых Ігару Комліку і Генадзю Фядынічу, спынення іх пераследу. Мы заяўляем, што гатовыя пачаць кампанію салідарнасці з нашымі таварышамі па барацьбе за дэмакратычную, свабодную, прававую Беларусь, і заклікаем беларускую і міжнародную грамадскасць да падтрымкі лідараў прафсаюза РЭП.

Уладу – народу!
Жыве Беларусь!