Навіны

Статкевіч: “Альтэрнатывы руху ў турме — няма” (Відэа)

Сёньня ў якасьці спосабаў выжываньня ва ўмовах беларускай турмы мы пазнаёмім вас з самымі рознымі мэтодыкамі. Адна зь іх належыць асуджанаму Магілёўскай турмы, палітвязьню Міколу Статкевічу.

Большасьць сучасных арыштантаў не заўважаюць уласнай дэградацыі — напісаў у сваім лісьце вязень Гарадзенскай турмы № 1 М.

«Ва ўмовах маленькай камэры „крыткі“, якую мусіш штодня дзяліць з выпадковым суседам, асуджанаму нават на ня надта вялікі тэрмін чалавеку вельмі лёгка звар’яцець, пераступіць цераз розныя псыхічныя табу або проста ціха дэградаваць, лежачы цэлымі днямі на нарах і зь бязрадасным тварам думаючы пра ня менш бязрадасную будучыню Супраціўляюцца ж дэградацыі — адзінкі».

Аўтар наступнага ліста — асуджаны Магілёўскай «крыткі» палітвязень Мікола Статкевіч.

«Калі ласка, толькі не хвалюйся за мяне, адчуваю сябе я добра. Безумоўна, тут не санаторый, і фактараў, якія адмоўна ўплываюць, дастаткова. Але ж і я разумею гэта і таму прыкладаю дастаткова намаганьняў, каб заставацца ў нармальнай форме. Напрыклад, штодзённа я хаджу тры гадзіны. Адну — на прагулцы і дзьве — у камэры, сумяшчаючы іх з […] фізкультурай. Дарэчы, фізкультурай я займаюся тройчы на дзень: размінка, (у асноўным, розных аддзелаў хрыбта). Пасьля пад’ём: прысяданьні і адцісканьні на прагулцы; падцягваньні і прэс пасьля яе. Пару месяцаў таму падняў нагрузкі на прэс…

Запамятаў напісаць: насамрэч, цяпер на шпацыр выводзяць а палове на дзесятаю, радзей –на пачатку адзінаццатай.  Але, нават, калі б сонца ў небе было відно, то на ўзроўні вачэй яно б зрабілася відным у апоўдзень недзе напрыканцы лютага — сьцены прагулачных дворыкаў дастаткова высокія. Праўда, мне дастаткова проста сьветлага неба»..

Як сьведчаць мэдыкі, хада — гэта выдатны, да таго ж, даступны большасьці спосаб паляпшэньня фізычнай формы і здароўя ў цэлым. Гэтая фізычная нагрузка, калі яе рабіць у добрым тэмпе, карысная для сэрца, лёгкіх і кровазвароту, да таго ж, яна ўмацоўвае цягліцы, косткі, суставы, зьніжаючы рызыку любых траўмаў, уключна зь пераломамі. Хада таксама паляпшае настрой, якасьць сну, што дапамагае справіцца з такімі знаёмымі многім вязьням дэпрэсіяй і трывогай.

«Мікола заўсёды хадзіў вельмі шмат, — кажа жонка Статкевіча, дарэчы, лекар паводле адукацыі. — Калі мы разам дзесьці адпачывалі, мы там праходзілі, паводле сьціплых прыкідак, дзесьці па 10 кілямэтраў у дзень. Хадзіць па 2–3 гадзіны — гэта радасьць ад руху. Апошнія два гады ён столькі ж ходзіць і ў вязьніцы. Але ня толькі таму, што мае шматгадовую звычку. Ён лічыць, што здароўе — гэта сапраўдны капітал, у які трэба ўкладаць, асабліва ў турэмных умовах, прычым пры любых абставінах, як бы цяжка гэта ні было».

З мэтодыкай выжываньня, якой карыстаецца ў няволі Мікола Статкевіч, мы пазнаёмім вас ніжэй.

У аўдыёвэрсіі праграмы гучаць урыўкі інтэрвію палітыка, якое ён даў нашаму радыё на пачатку сьнежня 2010 году, а таксама чарговы разьдзел кнігі былога палітвязьня, доктара мэдыцыны Юрыя Бандажэўскага , прысьвечаны энэргетычнаму комплексу.

Скрабец: «Асабліва раю займацца тыбэцкімі практыкаваньнямі за кратамі»

Сярод найбольш прасунутай часткі беларускіх арыштантаў распаўсюджаныя розныя энэргетычныя трэнінгі, якія прыйшлі да нас з Усходу. Найперш гэта ёгаўская гімнастыка. У тым ліку для вачэй, бо ў замкнёнай прасторы без натуральнага сьвятла чалавек папросту адвыкае глядзець далей, чым на некалькі мэтраў, і тут пэрспэктыва асьлепнуць вельмі рэальная.

Пасьля публікацыі на нашым сайце кнігі Юрыя Бандажэўскага «Як выжыць у турме» ў нашых чытачоў зьявілася цікавасьць да тыбэцкіх практыкаваньняў. Высьветлілася, што да іх прыйшоў у зьняволеньні ня толькі прафэсар-мэдык. Энэргетычныя практыкаваньні, якія прыводзяцца ў «Сыстэме выжываньня» Бандажэўскага, доўгі час робіць былы палітвязень Сяргей Скрабец. Адмыслова для чытачоў нашай праграмы ён паказвае, як трэба выконваць гэты комплекс.

«Практыка рытуальных дзеяньняў — ня проста фізычная трэніроўка і сродак самааздараўленьня. Гэта адзін са значна больш магутных, больш глябальных інструмэнтаў авалоданьня воляй. Трэба ўвесь час памятаць пра калясальную сілу ўтоеных рэзэрваў нашага арганізму і простыя спосабы яго самарэгуляцыі. Акрыяньне прыходзіць праз усьведамленьне», — піша Юры Бандажэўскі.

І Юры Бандажэўскі, і Сяргей Скрабец раяць выконваць комплекс цалкам. Максымальна кожнае практыкаваньне можна рабіць 21 раз, аднак напачатку дастаткова і 2–3-х.

Сяргей Скрабец: «Сыстэма, якая апісваецца Бандажэўскім, была завезеная з Тыбэту, і яна ўжо гадоў 50 як практыкуецца на Захадзе, у ЗША. Гэтая сыстэма дазваляе амаладзіць арганізм. Дастаткова паглядзець на самога Бандажэўскага — у якой ён добрай форме. Асабіста я параіў бы яе ўжываць людзям за кратамі для абнаўленьня сваёй энэргетычнай, а таксама псыхалягічнай формы. А ва ўмовах маленькіх камэраў, у якіх сядзяць, напрыклад, Статкевіч або Дашкевіч, гэта ідэальна для падтрыманьня сябе самога. Дадам, што пачынаць займацца тыбэцкімі практыкаваньнямі можна нават і ў гадоў 70–80»

«Тыя ж 120/80 і 3 гадзіны хады штодзень»

Амаль два гады таму, незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году і арышту кандыдата на прэзыдэнта, мы гаварылі зь ім пра якасьці, якія неабходныя палітыкам, тым больш апазыцыйным, дзеля таго каб уключыцца ў прэзыдэнцкую гонку. Размова зайшла і пра мінулы «турэмны досьвед» палітыка. Статкевіч адзначыў, што цягам многіх гадоў без дапамогі мэдыкамэнтаў яго ціск трымаецца на адзнацы 120/80.

Статкевіч: «Калі я быў на галадоўцы ў турме, то лекарка, якая мерала мне ціск, гаварыла: па вашым ціску можна правяраць спраўнасьць таномэтра…

Я займаюся фізкультурай усё сваё сьвядомае жыцьцё. Прабежкамі, бегам займаўся нават у палярную ноч, калі служыў у войску на савецкай Поўначы. Цяпер няма дзе бегаць, але ж я ў дзень праходжу дзесьці па 7 кілямэтраў…»

За час пасьля выбараў, нягледзячы на розныя цяжкія перамены ды стрэсы ў жыцьці палітыка, ціск у яго, як сьведчыць жонка, застаецца ранейшым, як і звычка шмат хадзіць і загартоўвацца. Гэта нягледзячы на тое, што камэра ніяк не прыстасаваная для фізычных практыкаваньняў…

— А якая можа быць у Міколы альтэрнатыва? — кажа жонка палітвязьня Марына Адамовіч. — Ляжаць у маленькай камэры, дзе яшчэ адзін сядзелец, і ня рухацца? Тады адбудзецца распад асобы. Паколькі Мікола — цэльны чалавек, упарты і мэтанакіраваны, ён паставіў сабе за мэту захавацца як асоба. Тры гадзіны руху. І тройчы на дзень інтэнсіўныя фізычныя практыкаваньні. Найперш на хрыбетнік, а потым і на прэс. І да таго ж інтэнсіўная разумовая дзейнасьць. Акрамя чытаньня, гэта вывучэньне ангельскай мовы, якую ён дагэтуль ніколі не вывучаў. Зразумела, наіўна верыць, што такім чынам навучысься размаўляць, але вось слоўнікавы запас штодня папаўняецца. Аднак спадзяюся, што аднойчы мы пачуем яго ангельскую мову.

— Як выглядае тая камэра, у якой вядзе такі актыўны лад жыцьця ваш муж?

— Яна ў прынцыпе падобная да папярэдняй, дзе ўтрымліваўся Мікола. Таксама маленькая, дзесьці мэтраў 7–8, таксама не ў турэмным корпусе, а ў СІЗА. Толькі тая, першая, называлася „транзыткай“. Такое сутарэньне, не разьлічанае на доўгае ўтрыманьне ў ім вязьняў. Без падлогі, там увесь час цякла столь, пакуль не пачаў адвальвацца тынк. У іншую камэру мужа перавялі з-за неабходнасьці рамонту. Там ужо ёсьць драўляная падлога, і яна не такая халодная і мокрая. Хаця не зьдзіўлюся, калі і там можа быць 16 градусаў. Ведаючы Міколу, калі ён кажа, што яму цёпла, гэта ня значыць, што там сапраўды цёпла. Ён ніколі ня скардзіцца.

— І тут, у такіх умовах, ён загартоўваецца, займаецца хадой?

— Ён абавязкова штодня пры любым надвор’і гуляе ў турэмным двары. Хаця фармальна гэта зусім ня двор, а тая ж камэра, з чатырох бакоў такое замкнёнае памяшканьне недзе на даху турмы. Адрозьніваецца ад камэры не памерамі, а тым, што зьверху краты, а паўзьверх яшчэ і сетка. Сонца, калі яно нават ёсьць, там ня вельмі шмат. Вось у гэтак званым дворыку ён ходзіць, а акрамя таго, робіць усялякія практыкаваньні, прысяданьні ды адцісканьні. А потым яшчэ дзьве гадзіны рухаецца ў камэры, дзе яшчэ нары, стол, няма паветра. Гэта, ў маім уяўленьні патрабуе сур’ёзных высілкаў. Дарэчы, у адваката ўвесь час пытаюся: а ён ня бледны? Кажа: не, нягледзячы ні на што…»

— Многія маці і жонкі вязьняў зьвяртаюць увагу на тое, што іх мужы і сыны пачынаюць горбіцца ва ўмовах зьняволеньня. Як зь Міколам?

— Справа ў тым, што ён і раней быў крыху сутулаваты. Але за час арышту я бачыла яго толькі тройчы. Толькі адзін раз было працяглае спатканьне. Пасьля 20-га сьнежня летась я бачыла яго аднойчы, на кароткім спатканьні, у маленькай клетачцы, у якой ён ледзь зьмяшчаўся.. Я тады толькі заўважыла, што плечы ў яго сталі яшчэ шырэйшымі.

МУС мае права ўносіць зьмены ў харчовы рацыён вязьняў

— Тое, што вязьні горбяцца, — гэта распаўсюджаная зьява, працягвае Марына. Як мэдык, яна згодная з тымі калегамі, якія тлумачаць падобную праблему з паставай недахопам руху, сонца, а таксама адпаведных вітамінаў і мікраэлемэнтаў у ежы, што прыводзіць у выніку да парушэньняў мэтабалізму злучальнай тканкі. Працэсу далёка не бяскрыўднага.

— Ведаю, што вы маеце адпаведны дакумэнт Саўміну, дзе зьмешчаныя рэкамэндацыі па нормах харчаваньня ў турмах… Адзін з распрацоўшчыкаў гэтых рэкамэндацыяў, мэдык-дыетоляг, расказваў мне, што ён і яго калегі з усёй адказнасьцю падышлі да справы, каб пры цяперашняй няпростай эканамічнай сытуацыі зьняволеныя ўсё ж змаглі б атрымліваць збалянсаванае харчаваньне. Акцэнты, ў тым ліку, рабіліся на такую недарагую айчынную гародніну, як капуста, морква, буракі, цыбуля і г.д. Працу зрабілі, аднак пра тое, як выконваюцца гэтыя рэкамэндацыі, распрацоўшчыкам так нічога і не вядома.

— Дакумэнт, пра які вы кажаце, — афіцыйная пастанова Саўміну, пастанова, якая павінна вісець на сьценцы ў кожнай камэры. Яна рэглямэнтуе нормы харчаваньня і нормы забесьпячэньня зьняволеных рэчамі і гігіенічнымі прыладамі. Нядаўна беспасьпяхова скончылася мая пятая, здаецца, па ліку спроба перадаць мужу гэтыя адксэракапіяваныя нормы. Увесь час ліст з пастановай вяртаецца да мяне з паведамленьнем: „Не положено“. Дык вось, у адпаведнасьці з гэтымі нормамі вязьні павінны мець мяса, малако, розныя іншыя бялковыя прадукты, таксама пшанічны і жытні хлеб, разнастайную гародніну, прычым у дастатковай колькасьці. Тыя нормы, якіх яны не атрымліваюць. У гэтай пастанове закладзеная цынічная мажлівасьць гэтыя нормы не выконваць… МУС згодна з гэтай пастановай мае права замяняць адны прадукты — іншымі. Напрыклад, гародніну — сечкай.

ВОЗВРАТ-ДОСЫЛ

Паводле Марыны Адамовіч, гародніна ў рацыёне яе мужа — гэта сапраўдная рэдкасьць. За ўвесь час адседкі мужа ў«крытцы» тую ж капусту давалі лічаныя разы.

Мікола Статкевіч, дарэчы, як і Зьміцер Дашкевіч, Яўген Васьковіч, утрымліваецца на строгім рэжыме. Яны, як і іншыя вязьні, якія лічацца злоснымі парушальнікамі турэмнай дысцыпліны, ня могуць набыць неабходныя ім прадукты ў турэмным шапіку нават за свае грошы. Гэтага не дазваляе грашовая норма на атаварку — для «строгага» і парушальнікаў яна роўная 100 тысячам рублёў у месяц. Адмоўлена гэтым людзям і ў харчовых пасылках ды перадачах. Адзінае, што дазволена, — адна бандэроля ў год вагой 2 кіляграмы. Паводле беларускіх законаў, катаваньня голадам у краіне няма. Аніводзін суд ня можа асудзіць чалавека на забарону харчовых перадач. На справе сытуацыя іншая.

Жонка палітвязьня мяркуе, што праваабарончыя арганізацыі павінны ўзьняць у ААН пытаньне катаваньня голадам у беларускіх турмах.

Мікола Статкевіч, 1956, кандыдат тэхнічных навук, адзін са стваральнікаў грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае аб’яднаньне вайскоўцаў», узначальвае БСДП (НГ). У 2005 разам Паўлам Севярынцам быў асуджаны да трох гадоў прымусовай працы за арганізацыю пратэстаў апазыцыі. У 2006 «Amnesty International» прызнала яго вязьнем сумленьня. На выбарах-2010 балятаваўся на пасаду прэзыдэнта. У 2011 асуджаны да шасьці гадоў пазбаўленьня волі. Адбывае пакараньне ў Магілёўскай турме № 4

Адрас, на які можна накіраваць паштоўку або ліст Мікалаю Віктаравічу Статкевічу:
вул. Крупскай 99-а, Магілёў, 212011

Алена Струвэ, Радыё Свабода