Статкевіч: Генэрал Герасімаў склаў плян захопу Крыму, але загадаў яму Пуцін

28 сакавіка ў Менску прайшло паседжаньне Камітэту начальнікаў штабоў узброеных сіл краін СНД. У паседжаньні бралі ўдзел начальнікі генштабоў узброеных сіл Беларусі, Казахстану, іншых краін СНД, у тым ліку начальнік генштабу Расеі генэрал арміі Валер Герасімаў, пра якога расейскія крыніцы паведамлялі, што ён аўтар пляну захопу Крыму.

Як паведамілі інфармацыйныя крыніцы, на паседжаньні Камітэту начальнікаў штабоў узброеных сіл СНД у Менску абмеркаваныя пытаньні вайсковага супрацоўніцтва і супрацьдзеяньня пагрозам, якія ўзьнікаюць для краін СНД. Крыніцы гэтых пагрозаў, паводле кіраўніцтва СНД, знаходзяцца па-за межамі краін СНД. Падпалкоўнік беларускай арміі ў запасе, былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч мяркуе, што гэты падыход састарэў.

— Як бы вы ацанілі вайсковае супрацоўніцтва ў межах СНД? Гэта рэальны клопат пра агульную бясьпеку ці імітацыя супрацоўніцтва з мэтай прыкрыць пэўную палітыку Масквы?

— У СНД абсалютна розны ўзровень вайсковага супрацоўніцтва паміж краінамі, таму агулам ацаніць гэта складана. Хаця бачна, што па-за межамі АДКБ рэальнага супрацоўніцтва амаль няма, або яно вельмі малое. Прыкладам, Азэрбайджан, Узбэкістан нават вайскоўцаў рыхтуюць у Турэччыне, альбо абсалютна ніяк не супрацоўнічае з СНД у вайсковай сфэры Туркмэністан. Але што да Беларусі ці Армэніі, дык у іх досыць высокі ўзровень вайсковага супрацоўніцтва, асабліва з Расеяй, але тут больш дзейнічае мэханізм АДКБ. У меншай ступені Беларусь супрацоўнічае з Казахстанам, з Таджыкістанам. І расейскія базы, а ня толькі ўстановы, як у нас, ёсьць на тэрыторыі Армэніі, Кіргізіі, Таджыкістану.

— Расея дамінуе ў АДКБ. А ў вайсковым супрацоўніцтве СНД тая ж сытуацыя?

— На постсавецкай прасторы ўжо шмат гадоў было дзьве крыніцы напружаньня: гэта краіны Сярэдняй Азіі, дзе ёсьць радыкальныя ісламісцкія групоўкі, дзейнасьць якіх каардынуюць з тэрыторыі Аўганістану, і сама Расея. Амаль у кожнай краіне СНД на эўрапейскай яе частцы ёсьць канфлікты, якія падтрымала і падтрымлівае Расея. Прыднястроўе ў Малдове, Асэтыя і Абхазія ў Грузіі, цяпер вось Крым і Данбас ва Ўкраіне. Такім чынам, у апошнія два гады Расея стала нават галоўным фактарам нестабільнасьці на прасторы СНД, таму ўсе, хто можа, адбягаюць ад яе як мага далей. Найперш Грузія, Азэрбайджан, цяпер ужо Ўкраіна і Малдова. Ну, а тыя, хто знаходзіцца ў палітычнай і эканамічнай залежнасьці ад Расеі, яны супрацоўнічаюць і знаходзяцца пад уплывам. Найбольшая ступень уплыву ў вайсковых справах, натуральна, на Беларусь. Гэта мы і бачым па паводзінах афіцыйнага Менску.

— Зь беларускага боку гэта супрацоўніцтва ці больш залежнасьць — мусім і ўсё?

Шмат ключавых пасадаў у войску займаюць людзі, якія ў выпадку пагрозы з усходу за яе незалежнасьць змагацца ня будуць.

— Ёсьць пэўныя пытаньні, якія трэба ўзгадняць, як, прыкладам, агульныя падыходы ў абароне вайсковай таямніцы. Але паводле асноўных пытаньняў, мяркую, больш залежнасьці. Скажам, Беларусь пэўна залежыць ад Расеі ў галіне паставак вайсковай, больш-менш новай, тэхнікі. А яшчэ ёсьць, таксама, ідэалягічная залежнасьць, прычым, тут, хутчэй, самазалежнасьць. Па сутнасьці, беларускае войска выхоўваецца ў сфэры расейскага войска. Беларусь жа няздольная да абароны па ўсім пэрымэтры мяжы. Калі ў выпадку гіпатэтычнай пагрозы, якая падаецца мала імавернай, з захаду, паўночнага захаду, поўначы ці поўдня, беларускае войска яшчэ здольнае ваяваць за незалежнасьць, дык калі такая пагроза будзе паходзіць ад асноўнага донара і хаўрусьніка, з усходу, барацьба падаецца малаімавернай. Бо цяперашняе беларускае войска выхаванае, як войска нейкай супольнай лучнасьці з Расеяй. Туды нават людзі ішлі служыць тыя, хто верыў у намер Лукашэнкі абʼяднацца з Расеяй. Цяпер сытуацыя гэтак склалася, што такія людзі ўжо не ўспрымаюць Лукашэнку сваім кумірам. Яны Пуціна ўспрымаюць як куміра, а Лукашэнку як ворага. Найбольш такіх людзей у КДБ і ў войску, таму ўзьнікае пытаньне: каго мы ўтрымліваем? Канечне, там ёсьць шмат афіцэраў, асабліва маладых, на ніжэйшых пасадах, якія настроеныя патрыятычна, яны бачаць Беларусь як незалежную дзяржаву, у тым ліку ад Расеі. Але, на жаль, шмат ключавых пасадаў у войску займаюць людзі, якія ў выпадку пагрозы з усходу за яе незалежнасьць змагацца ня будуць.

— Чаму гэтак адбылося? Прымалі ж прысягу, выхоўваліся ідэолягамі як ваеннаслужачыя незалежнай Беларусі…

— Бо Лукашэнка мэтанакіравана вёў палітыку дэнацыяналізацыі, каб быў не народ, а біямаса, якую можна куды заўгодна ўцягнуць: у саюзную дзяржаву ці яшчэ куды. А сфармаваны народ гэтак проста нікуды не закінеш. У выніку ў тое ж войска не ішлі сапраўдныя патрыёты, бо там не было нічога беларускага. І цяпер, калі асноўны донар ператварыўся ў асноўную пагрозу для незалежнасьці Беларусі, Лукашэнка нічога насуперак гэтаму зрабіць ня можа. Ён нават ня можа дазволіць сабе скараціць вяшчаньне расейскіх тэлеканалаў, празь якія і ажыцьцяўляецца ідэалягічны ўплыў. Лукашэнка адзін раз недзе два гады таму выступіў па-беларуску, дык у Расеі пачалася такая гістэрыка, што ён замаўчаў і больш баіцца выказвацца на роднай мове. Бачыце, да чаго мы дайшлі. Пра якую тут самастойнасьць войска можна казаць? Ня згадваючы ўжо пра тое, што супрацьпаветраная абарона фактычна падпарадкаваная Маскве, што цяпер ужо ідзе гаворка пра расейскія вайсковыя базы на нашай тэрыторыі. Тут з расейскага боку ёсьць і кантроль, і ўплыў, ня кажучы ўжо пра дзейнасьць расейскіх спэцслужбаў.

— У Менск для ўдзелу ў нарадзе прыехаў начальнік генштабу расейскага войска генэрал Герасімаў. На паседжаньні кіраўнікоў штабоў Валер Герасімаў заявіў, што «камітэт пакліканы разьвіваць вайсковае супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і бясьпекі». Гэта прагучала з вуснаў чалавека, які распрацаваў плян вайсковага захопу Крыму. А якія ў вас пачуцьці?

— Не, да яго я стаўлюся як былы вайсковец, спакойна. Герасімаў — гэта салдат, хоць і з генэральскімі пагонамі. Загадалі распрацаваць плян, ён распрацаваў і выканаў. У войску ж не прынята, як кажуць, абмяркоўваць загады. Мяркую, адказнасьць за захоп Крыму ўсё ж ляжыць на іншых асобах, ня столькі на вайсковых, колькі на палітычных. Найперш на Пуціну. Гэта Ўладзімер Пуцін у пагоні за сваім рэйтынгам гэтак далёка зайшоў — і, баюся, зойдзе яшчэ далей.

Алег Грузьдзіловіч

Радыё Свабода