Статкевіч: “Хачу арганізаваць сустрэчу Лукашэнкі з выбаршчыкамі на плошчы”

Статкевіч: “Хачу арганізаваць сустрэчу Лукашэнкі з выбаршчыкамі на плошчы”28 жніўня Мікалай Статкевіч разам з Уладзімірам Някляевым, Анатолем Лябедзькам і Паўлам Севярынцам правялі супольную прэс-канферэнцыю, на якой расказалі пра свае планы на рэшту прэзідэнцкай кампаніі.

Усе яны збіраюцца актыўна працаваць над непрызнаннем выбараў міжнароднай супольнасцю, фіксаваць факты фальсіфікацыі выбараў.

Адным з запланаваных мерапрыемстваў Мікалай Статкевіч назваў сустрэчу Лукашэнкі з выбаршчыкамі «у прыгожым месцы горада, на плошчы». Былы палітвязень мяркуе, што калі кіраўнік краіны зацікаўлены ў прызнанні выбараў АБСЕ, ён як мінімум не будзе разганяць такую акцыю.

«Пра 11 кастрычніка ніхто не гаворыць — гэтая дата ўжо не цікавая. Мы арганізуем сустрэчу з выбаршчыкамі. Хоць выбараў і няма, закон аб іх ёсць. Я не баюся. Чым больш вы баіцеся, тым больш у вас забіраюць… Калі вы не супраціўляецеся — вы аддаяце прастору. Здалі ўсё. Памятаю, калі вярнуўся пасля хіміі — застаўся толькі Бангалор. Вяртаюся цяпер — ужо і Бангалора няма. Калі ў Лукашэнкі такая складаная сітуацыя і яго прыперла атрымаць легітымнасць, то давайце скарыстаемся гэтым і адваюем сабе прастору. Як толькі ён разгоніць мірны сход выбаршчыкаў, якія прыйшлі яго паслухаць, то ён можа ўжо і не праводзіць гэтыя выбары. Уся легітымнасць скончыцца. Баюся я толькі за блізкіх і за Беларусь», — сказаў Статкевіч.

Наша Ніва