Выбары

Янукевіч: Марнаваць свае сілы і энэргію на ініцыятыву Статкевіча нам не цікава

Лідар Партыі БНФ заявіў, што ягонай палітычнай сіле не вельмі цікавая ініцыятыва былога палітвязня Мікалая Статкевіча.

Пра гэта Аляксей Янукевіч заявіў БелаПАН, каментуючы стварэнне новай кааліцыі і пачатак грамадскай кампаніі з мэтай дэлегітымізацыі цяперашніх прэзідэнцкіх выбараў і правядзення новых.

Са слоў Янукевіча, ён не бачыць практычнага сэнсу ў такой дзейнасці: «Усё, што накіравана на папярэджанне фальсіфікацый, я ўважаю за пазітыўнае. Калі людзі хочуць рабіць нешта ці хаця б проста на словах закранаць гэтую тэму, хай яны гэта робяць. Але нам марнаваць на гэта свае сілы і энэргію не вельмі цікава. Відавочна, што гэтая праца абмяжуецца паўторам тых жа заяў, якія Партыя БНФ неаднаразова рабіла наконт таго, што гэтыя выбары нельга ўважаць за свабодныя і справядлівыя».

Ён адзначыў, што праца для фіксавання фальсіфікацый падчас выбарчага працэсу і без гэтага вядзецца ў межах кампаніі назірання «Права выбару». «Не бачу ніякага сэнсу кідацца і фактычна дзеля нейкай рэкламы ламаць гэтую дзейнасць для супрацьдзеяння фальсіфікацыям, якая праводзіцца кампаніяй «Права выбару», – сказаў палітык.

Пры гэтым Янукевіч не выключыў каардынацыі дзеянняў з новай кааліцыяй, калі паўстане пытанне «аб нейкім абмене інфармацыяй, нейкіх практычных момантах».

28 жніўня на прэс-канферэнцыі былы палітвязень і кандыдат на пасаду прэзідэнта ў 2010 годзеМікалай Статкевіч анансаваў пачатак грамадскай кампаніі, якая павінна данесці да людзей, што выбары ўжо сфальсіфікаваныя.

Хартыя\’97