Статкевіч Мікалай Віктаравіч

Кандыдат тэхнічных навук, спецыяліст у галіне кіравання. Падпалкоўнік запаса. Нарадзіўся 12 жніўня 1956 года у Слуцкім раёне ў сям’і настаўнікаў.

Закончыў Мінскае вышэйшае інжэнернае зенітнае ракетнае вучылішча (МВІЗРВ). Служыў у Запаляр’і. Быў прызнаны лепшым афіцэрам па сваёй спецыяльнасці ў аб’яднанні супрацьпаветранай абароны, якое абараняла ўсю Поўнач еўрапейскай часткі СССР. Меў вышэйшую баявую класіфікацыю – “Майстар”. Узнагароджаны медалямі.

Абараніў кандыдатскую дысертацыю і выкладаў у МВІЗРВ. Напісаў болей за 60 навуковых працаў у галіне кіравання, эрганомікі і сацыяльнай псіхалогіі. Аўтар вынаходніцтваў. Для завяршэння доктарскай дысертацыі быў накіраваны ў дактарантуру.

Яшчэ да распаду Савецкага Саюза распрацаваў і надрукаваў канцэпцыю стварэння беларускага войска, якая была рэалізавана пасля атрымання нашай краінай незалежнасці. У пачатку 1991 года ў знак пратэста супраць падаўлення танкамі дэманстрантаў у Вільнюсе выйшаў з КПСС. 20 жніўня 1991 года адзіны з вайскоўцаў у Беларусі публічна выступіў супраць путча ў Маскве. Тады ж аб’явіў аб стварэнні Беларускага згуртавання вайскоўцаў (БЗВ), якое паставіла на мэце стварэнне беларускага войска, абарону незалежнасці і гісторыка-патрыятычнае выхаванне грамацтва.

На пачатку 1992 года арганізаваў падпісанне ўсімі тагачаснымі кіраўнікамі ўлады і апазіцыі сумеснага Антыкрызіснага пагаднення ў абарону незалежнасці.

У верасні 1992 года выступіў ініцыятарам прысягі членаў БЗВ і афіцэраў запаса на вернасць Беларусі. Гэта шматтысячная грамадская акцыя прымусіла ўрад прывесці да прысягі нашай краіне ўсіх афіцэраў сілавых структур.

У 1993 годзе выступіў супраць Дамовы аб калектыўнай бяспецы з ваюючымі краінамі (Арменія, Таджыкістан і інш.), па ўмовах якой Беларусь павінна была накіроўваць сваіх салдатаў на чужые войны. За гэта быў звольнены з войска за месяц да плануемай абароны доктарскай дысертацыі. Пасля шырокай грамадскай кампаніі ў падтрымку М. Статкевіча беларускі парламент падпісаў дадзеную дамову з умовай не адпраўляць нашых салдат у «гарачыя кропкі».

У 1994 годзе арганізаваў паспяховае сумеснае назіранне за прэзідэнцкімі выбарамі, у якім прынялі удзел каманды усіх апазіцыйных кандыдатаў.

У 1995-1996 гадах тройчы перамагаў на парламенцкіх выбарах, але ўлады прызнавалі гэтыя выбары не адбыўшыміся.

У 1996 годдзе быў абраны старшынём Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Гэта партыя ставіць на мэце абарону інтарэсаў людзей працы, пенсіянераў, малога бізнесу і моладзі.

У 2005 годзе ўлада па даносу прайграўшых барацьбу за лідэрства членаў партыі пазбавілі яе афіцыйнай рэгістрацыі, але Народная Грамада працягвае сваю працу і з’яўляецца членам Сацыялістычнага інтэрнацыянала.

У 1996-2000 гадах - лідэр барацьбы за незалежнасць. Арганізаваў і ўзначаліў болей за 30 шматтысячных дэманстрацый у абарону незалежнасці і сувепэнітэта. Каля 30 разоў меў адміністратыўныя арышты, 3 разы супраць яго ўзбуджаліся крымінальныя справы. У зняволенні трымаў працяглыя галадоўкі. У 1999 годзе узначаліў 50-тысячны Марш свабоды, пасля якога спыніліся выкраданні і забойствы палітыкаў, а ўлада пачала мяняць сваё стаўленне да незалежнасці краіны.

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2001 і 2006 гадоў супраць М. Статкевіча з’яўляліся крымінальныя справы з мэтай перашкодзіць яго ўдзелу ў гэтых выбарах у якасці кандыдата ў прэзідэнты. Так у 2005 годзе ён быў асуджаны да 3 гадоў абмяжавання свабоды за арганізацыю мірнай дэманстрацыі супраць фальсіфікацыі вынікаў рэферэндума. Па вынікам гэтага рэферэндума прэзідэнт атрымаў права знаходзіцца ва ўладзе неабмежаваную колькасць тэрмінаў. М. Статкевіч быў прызнаны міжнароднымі арганізацыямі «вязнем сумлення». Атрымаў каля 20 тысяч лістоў ад людзей з розных краінаў.

На “хіміі” год працаваў электрамеханікам на прадпрыемстве у Баранавічах, потым слесарам у калгасе ў Пухавіцкім раёне. Таму добра ведае рэальны стан беларускай эканомікі.

З 2003 года – лідэр "Еўрапейскай кааліцыі", у якую ўваходзяць шэраг партый, прафсаюзных, жаночых і моладзевых арганізацый. Кааліцыя выступае за еўрапейскі шлях развцця нашай краіны. На парламенцкіх выбарах 2008 года каліцыя вылучыла сваіх кандыдатаў у 2/3 выбарчых акругаў.

Аўтар многіх працаў у галіне палітыцы, міждународных адносін. Яшчэ напрыканцы 90-х сфармуляваў, а потым развіў канцэпцыю неканфліктнага дружалюбнага еўрапейска-расійскага баланса для Беларусі. І толькі зараз гэту канцэпцыю спрабуе рэалізаваць сённяшняе кіраўніцтва нашай краіны.

У 2009 годзе кангрэсам "Еўрапейскай кааліцыі", у якім прымалі ўдзел болей за 700 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, вылучаны кандыдатам у прэзідэнты.

У 2010 годзе, сабраўшы ў сваю падтрымку болей за 128 тысяч подпісаў выбаршчыкаў, быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты. Выбарчую кампанію прысвяціў выкрыццю існуючых механізмаў татальнай фальсіфікацыі выбараў і арганізацыі масавай акцыі за сапраўдныя выбары.

У дзень галасавання 19 снежня спецназ, не чакаючы завяршэння галасавання, напаў на двух кандыдатаў і іх прыхільнікаў. Нягледзячы на атрыманыя падчас сутыкнення траўмы, дайшоў да месца збора і ўзначаліў дэманстрацыю пратэста, у якой узялі ўдзел 80-90 тысяч чалавек.

Пасля жорсткага разгона акцыі і зняволення ў турму КГБ правёў 24-дзённую галадоўку пратэста, якая была спынена ў рэанімацыі шпіталя КГБ.

Падчас следства адмовіўся даваць паказанні і падпісваць дакументы. Ніводзін з паплечнікаў М. Статкевіча не даў паказанняў супраць яго. У судзе выступіў з абвінавачваннямі ўлады ў крымінальных злачынствах. 26 мая 2011 года быў прысуджаны да 6 гадоў пазбаўлення волі. Міжнародныя арганізацыі прызналі яго вязнем сумлення.

Пакаранне пачаў адбываць у калоніі каля горада Шклоў. Падчас зняволення адвяргаў шматразовыя прапановы падпісаць прашэнне аб памілаванні і выйсці пасля гэтага на свабоду. Па рашэнню суда ў пачатку 2012 года пакаранне было ўзмоцнена – за сфабракаваныя парушэнні быў накіраваны на 3 гады ў Магілеўскую закрытую турму. Пасля завяршэння гэтага тэрміна быў вернуты назад у шклоўскую калонію і адтуль паўторна ізноў накіраваны ў закрытую турму.

Неаднаразова памяшчаўся ў штрафныя ізалятары, месяцамі ўтрымліваўся ў спецкамерах без вентыляцыі і вокнаў. Больш за паўтары гады правёў у адзіночках.

Калегі па Народнай Грамадзе, падчас знаходжання М. Статкевіча ў турме, пачалі працэс яго вылучэння кандыдатам у дэпутаты на парламентскіх выбарах 2012 года. Ініцыятыўныя групы па вылучэнню былі пададзены ў 2/3 выбарчых акруг.

У Беларусі і за яе межамі не спынялася кампанія салідарнасці з “палітвязням нумар 1”. У ліпені 2015 года ў цэнтральную камісію па выбарам была пададзена ініцыятыўная група колькасцю болей 1700 чалавек па вылучэнню М. Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты.

Быў вызвалены 22 жніўня 2015 года, так і не падпісаўшы прашэння аб памілаванні.

Адразу пасля вызвалення пачаў публічную кампанію за вяртанне сапраўдных выбараў. Вярнуў апазіцыю, якая амаль 5 гадоў не праводзіла мітынгаў у цэнтры сталіцы, да практыкі годных масавых акцый.

У сакавіку 2016 года арганізаваў каля Дома ўраду разам з аб\’яднаннем прадпрымальнікаў мітынг пратэста  супраць дыскрымінацыйнай “сэртыфікацыі тавараў”. У выніку дзеянне сэртыфікацыі было спынена.

Выступіў адным з ініцыятараў стварэння кааліцыі “Беларускі Нацыянальны Кангрэс”, якая пачала кампанію “Ўладу – народу!” У рамках гэтай кампаніі БНК правёў у лютым 2017 года ў Мінску “Марш абураных беларусаў” супраць падатку на беспрацоўных. Марш сабраў 5 тысяч удзельнікаў і выклікаў акцыі пратэста ва ўсіх буйных гарадах краіны. Наступная акцыя БНК у Мінску 25 сакавіка 2017 года была жорстка разагнаная ўладай, але напалоханы масштабамі пратэстаў рэжым спыніў дзеянне падатку на беспрацоўных.

За акцыі пратэста ў 2015-2017 гадах шматразова прысуджаўся да буйных штрафаў, якія адмовіўся плаціць. У сакавіку 2017 года быў незаконна захоплены КГБ, таемна ўтрымоўваўся ў турме КГБ. Неаднаразова адбываў адміністрацыйныя арышты. Лідар палітычнага і сацыяльнага пратэста ў краіне.

У студзені 2019 года быў прапанаваны Радай БНК у якасці кандыдата ў прэзідэнты.

Выгадаваў і выхаваў дзвюх дачок. Першы шлюб распаўся падчас адбывання пакарання на “хіміі” ў 2005-2007 гадах. У снежні 2011 года ў шклоўскай калоніі зарэгістраваў свой шлюб з Марынай Адамовіч.

Быў затрыманы 31 траўня 2020 г. па дарозе на Камароўскі рынак у Менску, дзе ён збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай

Пазней быў арыштаваны на 15 сутак. 15 чэрвеня прайшоў яшчэ адзін суд над палітыкам, які пакараў яго 15 суткамі.

30 чэрвеня Мікалай Статкевіч павінен быў выйсці на свабоду пасля 30 сутак адміністрацыйнага арышту, аднак напярэдадні вечарам жонцы Статкевіча Марыне Адамовіч патэлефанаваў следчы і паведаміў, што палітык падазраецца ў здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (“Арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”). 15 снежня Мікалаю Статкевічу прад’явілі новае абвінавачванне па п. 13 ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — “падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках”.

Мікалая Статкевіча ў выніку пачалі судзіць паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспарадкаў).

14 снежня 2021 быў вынесены прысуд Мікалаю Статкевічу: 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі асаблівага рэжыму.

31 мая 2022 у Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме пачалі разглядаць апеляцыйныя скаргі шасці фігурантаў «справы Ціханоўскага». На наступны дзень суд пастанавіў пакінуць прысуды без зменаў.

20 чэрвеня 2022 быў этапаваны з Гомельскага СІЗА-3, у Глыбоцкую калонію № 13. Вядома, што адміністрацыя папраўчай установы паставіла яго на ўлік як схільнага да экстрэмізму, а ў ліпені пазбавіла рэжымнай перадачы і змясціла на 8 сутак у ШІЗА.

5 жніўня 2022 Мікалая змясцілі на паўгода ў адзіночную камеру, а ў верасні — у ШІЗА.

МУС 4 лістапада 2022 г. уключыла палітвязня ў "пералік асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, фігуранты “справы Ціханоўскага” павінны будуць выплаціць 22 мільёны рублёў кампенсацыі — як паказана ў судовым рашэнні, “для выплат супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў за дадатковы час на службе падчас паслявыбарчых пратэстаў”.


Вядома, што ў лістападзе 2022 г. палітвязень захварэў на пнеўманію і яго змясцілі ў бальніцу.

У снежні і студзені яго ў чарговы раз змясцілі ў ШІЗА.