Статкевіч: У вачах некаторых еўрапалітыкаў толькі грошы

Палітык Мікалай Статкевіч разважае пра будучыню беларуска-еўрапейскіх стасункаў і ўнутраную палітыку беларускіх уладаў.

Нагадаем, у кастрычніку мінулага года Еўразвяз на чатыры месяцы прыпыніў дзеянне санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў. Да канца лютага гэтае пытанне будзе разгледжана зноў. Якія прагнозы з гэтай нагоды?

Мікалай Статкевіч: Што тут гадаць? Як Еўропа вырашыць – так яно і будзе. На жаль, у сёняшняй сітуацыі ад нас, прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці Беларусі, мала што залежыць. Хоць я лічу, што адмена санцый – гэта ў пэўнай ступені будзе забыццём ўсяго таго, што было ў мінулыя гады. Успомнім тыя ж катаванні палітвязняў. Сёння, дарэчы, праваабарончыя структуры не прызнаюць Андрэя Бандарэнку палітычным зняволеным, але ж у турме яго ставяць у адзін шэраг з “палітычнымі”, і чалавек церпіць менавіта з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі. Нам застаецца толькі, незалежна ад таго, здымуць поўнасцю санкцыі альбо працягнуць іх (прыпыняць), сумленна рабіць сваю справу.

РР: А можа і добра, калі санкцыі будуць поўнасцю знятыя? Усё ж Еўропа стане яшчэ бліжэй да беларусаў…

Мікалай Статкевіч: Еўропа стане бліжэй для тых уладных чыноўнікаў, хто праводзіў рэпрэсіі супраць уласнага народа. Гэта для іх будзе больш паездак і кантактаў з еўрапейцамі.

РР: Многія кажуць, што Еўразвяз зараз займае дастаткова прагматычную пазіцыю. Вы згодны?

Мікалай Статкевіч: Еўропа на самай справе такая вялікая, і ў яе так шмат праблемаў, што ў пэўны момант іншыя праблемы адыходзяць для яе на іншы план. Але ёсць шмат еўрапейскіх палітыкаў, у якіх розныя пазіцыі. Ёсць дастаткова прынцыповыя палітыкі, але хапае і такіх, у вачах якіх толькі адно – грошы. Грошы і абы было ціха. На жаль, зараз перамагаюць апошнія. Я ўжо неяк казаў, што калі еўрапалітыкі пачынаюць здраджваць сваім ідэалам дабрабыту дзеля ўласнага спакою, то спачатку ў вас забяруць ідэалы, а пасля забяруць і дабрабыт. Так яно і адбываецца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя