Актуальна

Статкевіча-старэйшага павіншавалі з Новым годам

Баранавіцкія грамадскія актывісты і праваабаронцы 1студзеня наведалі і павіншавалі Статкевіча Віктара Паўлавіча з надыходам Новага года. Гэта ўжо пяты Новы год, які Віктар Паўлавіч сустракае без сына Мікалая. Нягледзячы на пагаршэнне здароўя і не надта святочны настрой, Статкевіч-старэйшы быў вельмі рады і, якзаўсёды,гасцінна сустрэўгасцей і наведвальнікаў у сваёй хаце.

Фота з архіва.

– Віктар Паўлавіч шчыра жадае найхутчэйшага вызвалення ўсіх палітвязняў, асабліва чакае сына Мікалая, які адбывае зняволенне ў турме № 4 г. Магілёва. Гэтымі надзеямі ён сёння жыве вось ўжо пяты год запар. Таму мы стараемся яго маральна падтрымаць і падбадзёрыць, – паведаміў актывіст Руху “За свабоду” Віктар Сырыца.

За кубачкам гарбаты гаварылі пра магчымы перавод у Новым годзе Мікалая Статкевіча з Магілёўскай турмы ў Шклоўскую калонію, зразумела, пра падзеі ва Украіне, фінансавы і валютны крызіс, сённяшняе нялёгкае жыццё, рост коштаў і г.д. Развіталіся з пажаданнямі здароўя і надзеяй на вызваленне ўсіх палітычных вязняў Беларусі.

spring96.org