Навіны

Судзяць актывіста Максіма Вінярскага, які назваў міліцыянта «упыром»

У Смалявіцкім раённым судзе пачаўся адміністрацыйны працэс над актывістам «Эўрапейскай Беларусі» Максімам Вінярскім, якога абвінавачваюць у абразе міліцыянта са Смалявіцкага РУУС. 

Паводле пратаколу, які быў складзены на Вінярскага 15 траўня, ён назваў «упыром» міліцыянта Лесіцу. Інцыдэнт адбыўся, калі актывісты, у тым ліку Вінярскі, прыехалі да Смалявіцкага РУУС, каб сустрэць пасьля адбыцьця арышту свайго аднадумца Леаніда Кулакова.

Адміністрацыйную справу Вінярскага разглядае судзьдзя Ліна Бародзіч. Актывісту пагражае штраф да 50 базавых велічынь. У судзе Максім Вінярскі заявіў, што ня лічыць выкарыстанае ім на адрас міліцыянта слова «ўпыр» абразай і спаслаўся на слоўнік Даля. «Паводле Даля, вампір, ці ўпыр — гэта жорсткі, злы чалавек», — сказаў Максім Вінярскі. Нібыта гэтак ён ацаніў дзеяньні міліцыянта, паколькі той адмаўляўся даваць праўдзівую інфармацыю пра месца знаходжаньня арыштаванага Леаніда Кулакова.

Сёньня міліцыянт Лесіца ў суд не зьявіўся. З гэтай прычыны судзьдзяБародзіч абвясьціла ў працэсе перапынак. Суд працягнецца заўтра, 21 траўня. Максім Вінярскі хадайнічае аб правядзеньні лінгвістычнай экспэртызы адносна слова «ўпыр». Гэтае хадайніцтва судзьдзя мусіць разгледзець, калі працэс адновіцца.

Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода