Сяргей Скрабец зняўся з выбараў з-за пагроз КДБ

Сяргей Скрабец выходзіць з выбарчай кампаніі і заклікае апазыцыю ўжо сёння вызначыць адзінага лідара на прэзідэнцкія выбары.

Пагрозы з боку КДБ вымусілі Сяргея Скрабца выйсці з выбарчай кампаніі. Палітыку пагражалі паўторам ужо пройдзенага шляху: турма, канфіскацыя маёмасці ў яго і ў сваякоў. Таму Сяргей Скрабец пад ціскам і пагрозамі сыходзіць з выбарчай дыстанцыі.

Але палітык жадае поспеху на гэтых «выбарах» дэмакратычным палітыкам, задача якіх у змене знешняй палітыкі. Сяргей Скрабец заклікае беларускую апазыцыю аб\’яднацца, вызначыць адзінага лідара – хоць бы шляхам элементарнага жэрабя! – і ўжо сёння, за два з паловай гады, пачаць падрыхтоўку да прэзідэнцкіх выбараў.

Шляхам запалохвання, пагроз і шантажу з боку кіраўніцтва Лідскага райвыканкама і КДБ паралізаваная і фактычна разагнаная ініцыятыўная група прэтэндэнта ў дэпутаты па Лідскай акрузе № 56 Сяргея Скрабца.

Праз «Беларускі партызан» Сяргей Скрабец зрабіў палітычную заяву:

– Кіраўніка майго штаба не адпусцілі ў адпачынак на працы і фактычна пасадзілі пад хатні арышт. Членам маёй ініцыятыўнай групы пагражалі: каму – звальненнем з працы, каму – адлічэннем з вучобы. У выніку толькі тры чалавекі з пятнаццаці не пабаяліся працягнуць працу па зборы подпісаў. Працавалі з кожным. Мне і маім сваякам таксама прыходзілі пагрозы ад супрацоўнікаў КДБ. Так што праз «Беларускі партызан» хачу перадаць ім, што я прыняў да ведама гэтыя пагрозы, але як раней іх не баяўся, так і цяпер не баюся. Але я баюся за сваіх людзей, якія жывуць і працуюць у Лідзе. У Мінску я нават не рэгістраваў ініцыятыўную групу па той жа прычыне – з-за пагроз. Думаў, у Лідзе такога не будзе – усё ж такі Ліда далекавата ад Мінска. Але там аказалася яшчэ горш.

– Якога характару пагрозы табе паступалі?

– Мне пагражалі “закрыць рот”. Што я перажыў за апошнія гады – паўтару. Канфіскавана маёмасць у мяне і ў маіх бацькоў, у сваякоў, дзевяць чалавек былі пасаджаныя ў турмы па ілжывым абвінавачванні, сам я ўжо 8 гадоў не магу знайсці працы. Гучалі непрыхаваныя пагрозы паўтарэння ўжо пройдзенага мною шляху. У тым ліку – і турэмнага зняволення. Калі я не замоўкну.

Але я здымаюся не таму, што баюся гэтых пагроз. У Лідзе застаюцца людзі, якім там жыць яшчэ і працаваць, якім няма куды з\’ехаць, якія не хочуць садзіцца ў турму. Не хочуць губляць працу, таму што ў Лідзе знайсці працу – тое ж самае, што на Месяцы ўладкавацца працаваць. Схаванае беспрацоўе ў Лідзе складае да 40 адсоткаў. Таму я не бачу вялікага сэнсу падстаўляць людзей.

– Хацелася б пажадаць удачы усім, хто працягвае збіраць подпісы. Калі ў парламент пройдуць такія людзі, як Фралоў, Навасяд,  Дабравольскі, Калякін, Мілінкевіч, то гэта дасць магчымасць выраўнаваць перакосы ў знешняй палітыцы, якая сёння кульгае, крывая і касая. Гэта тычыцца эканамічных і палітычных санкцый у дачыненні да Беларусі – мне б хацелася, каб гэтыя санкцыі спыніліся. А гэта магчыма, калі ў парламент пройдуць дэмакратычна настроеныя кандыдаты, і, пажадана, вядома, разумныя, якія маглі б ліквідаваць гэтыя перакосы ў знешняй палітыцы. Ад гэтых перакосаў пакутуе, перш за ўсё, наша насельніцтва, а не кіраўніцтва.

Ужо засталося два з паловай гады да прэзідэнцкіх выбараў, апазіцыя па-ранейшаму раздробленая. На мой погляд, ужо цяпер час вызначыць адзінага лідара, паколькі ў мінулы раз гэта не атрымалася – Уладзімір Колас гэтым займаўся (старшыня рады беларускай інтэлігенцыі. – БП). У яго былі вельмі нядрэнныя крытэры адбору. Я б наогул прапанаваў таму ж Коласу сабраць усіх лідараў, якія прэтэндуюць, ці хочуць стаць прэзідэнтам, не баючыся тэрмінаў і адседкі ў турме, абвінавачванняў, і вызначыць адзінага лідара. Можна проста сабраць усіх, хто зацікаўлены ва ўдзеле ў выбарах, той жа Мілінкевіч, Казулін, Калякін, Лябедзька, Ярашук, Статкевіч, Вячорка – набярэцца 10-15 чалавек, і проста кінуць жэрабя. І працаваць на аднаго чалавека ўжо цяпер, сёння, а не за два месяцы да выбараў пачынаць кампанію байкоту ці ўдзелу.

І апошняе. Мне б яшчэ хацелася завастрыць увагу палітычнай апазіцыі Беларусі на салідарнасці з палітвязнямі: Статкевічам, Дашкевічам, Бяляцкім. Я казаў пра гэта ў Кішынёве на з\’ездзе Сацінтэрна, казаў сёння калегам з Сацыялістычнай партыі Украіны, якія перадавалі прывітанне Мікалаю Статкевічу, падтрымліваюць нас у нашай барацьбе. Украінскія сацыял-дэмакраты ацэньваюць сітуацыю з катаваннямі Мікалая Статкевіча як ганебную; старшыня Сацыялістычнай партыі Украіны Пётр Усценка перадаў Мікалаю Статкевічу ліст салідарнасці – я паспрабую напісаць яму пра гэта ў турму. Яны падтрымліваюць нас у нашай барацьбе, салідарныя з намі ў барацьбе за дэмакратычныя каштоўнасці і правы чалавека, за годнасць, сацыяльную справядлівасць, недапушчальнасць любых формаў дыскрымінацыі. 

Іван Грэкаў, “Беларускі партызан