Тры гады ў турме – што гэта азначае…
Чым адрозніваюцца ўмовы ўтрымання ў калоніі і турме? Падаем вытрымкі з крымінальна-выканаўчага заканадаўства.
Як паведамлялася раней, адміністрацыя шклоўскай ПК-17 папрасіла перавесці Мікалая Статкевіча “для далейшага адбыцця пакарання ў турму тэрмінам на 3 гады”.
Безумоўна, гэта лішні раз сведчыць ад тым, што ў краіне пануе беззаконне. Нават у калоніі ва ўмовах ізаляцыі, пад пастаянным наглядам і канвоем, Мікалай Віктаравіч працягвае пужаць “пераможцаў”. Ні паўгады ў СІЗА КДБ, ні беззаконны суд, які прадэманстраваў, што правасуддзе ў краіне памерла, ні самы жорсткі сярод фігурантаў “справы” па 19 снежня 2010 года прысуд, ні накіраванне ў “прыдворную” калонію, не дало супакоіцца і адчуць сябе ў бясьпецы тым, хто на ўвесь сьвет аб’яўляе аб “элегантнай перамозе” і “ўсенароднай падтрымцы”.
Цяпер яны вырашылі цалкам ізаляваць Мікалая Статкевіча, накіраваўшы яго у турму ва ўмовы строгага рэжыма.
У крымінальным заканадаўстве Беларусі існуе прынцып суразмернасці пакарання здзейсненаму парушэнню. Відавочна, што адсутнасць біркі з прозьвішчам у камеры ШІЗА – дастатковая нагода для трох гадоў у турэмнай камеры. Дык якія ж асаблівасці адбыцця пакарання ў турме ў параўнанні з вызначаным судом узмоцненым рэжымам у калоніі?
У калоніі асуджаныя ўтрымліваюцца ў “звычайных жылых памяшканнях” (у выпадку з Мікалаем Статкевічам – казарменнага тыпа на 80-100 месцаў). Побач маецца так званая “атрадная зона”, дзе ў вольны час зняволены можа знаходзіцца безперашкодна і нават у “вольнай” вопратцы на сьвежым паветры неабмежаваны час.
У турме – гэта заўсёды камера, якую зняволены можа пакідаць толькі для прагулкі, працягласць якой не перавышае адной гадзіны у суткі.
Якія іншыя адрозненні прадугледжаны для калоніі і турмы:
Зняволены мае права: |
Калонія ўзмоцненага рэжыму |
Турма (строгі рэжым) |
штомесяц расходваць грошы |
пяць базавых велічынь |
адна базавая велічыня |
на спатканні (за год): кароткатэрміновыя доўгатэрміновыя |
тры два |
адно не дазволена |
атрымоўваць пасылкі |
тры |
не дазволена |
атрымоўваць бандэролі |
дзьве |
адну |
тэлефанаваць блізкім |
не болей за 15 хвілін |
толькі ў выключных абставінах |
Такім чынам, у выпадку пераводу ў турму Мікалай Статкевіч здолее мець толькі адно спатканне і адну бандэроль на працягу года, яго кантакты будуць абмежаваныя толькі сукамернікамі, калі такія будуць і адміністрацыей турмы. Цалкам адпавядае характару ўлады тых, хто дэкларуе прынцыпы гуманізму, дэмакратыі і верхавенства закона.