Навіны

Турэмшчыкі жартуюць?

“Спрабаваў прабіць дзірку ў сцяне і ўцякчы”, – такое абвінавачванне атрымаў кандыдат на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, палітвязень турмы №4 у Магілёве, Мікалай Статкевіч ад сваіх турэмшчыкаў.

“Спадзяюся, гэта яны так жартуюць…” – напісала ў сваім Фэйсбуку жонка Статкевіча Марына Адамовіч, працытаваўшы словы мужа:

У мяне ўсё нармальна. Тут, у асноўным, спакойна, толькі рэжымны аддзел спрабуе іншым разам, як тут кажуць, “падняць ціск” мне. Нядаўна нават звінавацілі ў спробе “прабіць дзірку ў сцяне і ўцякчы”. З-за таго, што, засцілаючы ложак раніцай, павесіў газету на яго спінку, каб не замінала. Суседзяў у мяне зараз няма, вось і мусяць хоць нешта прыдумваць, каб стварыць нейкае напружанне. Але ж безпаспяхова Адзінае цікава – адкуль ім ставяць задачу?”

Мікалай Статкевіч быў асуджаны да 6 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. У студзені 2012 года быў пераведзены на 3 гады ў турму, як “не стаўшы на шлях выпраўлення”.