У Менску нагадалі пра палітвязняў і зніклых апазіцыянераў (+ відэа)

У самым цэнтры Менску, каля ГУМу, актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі на чале з лідарам Анатолем Лябедзькам, які прэтэндуе на найвышэйшую пасаду ў краіне, карыстаючыся перадвыбарчаю кампаніяй, нагадалі беларусам, што нашая краіна, апроч эканамічнага крызісу, мае праблемы палітычных зняволеных і знікнення грамадскіх дзеячаў.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, ПРЭТЭНДЭНТ НА ПРЭЗІДЭНТА:
«Большасць людзей наўрад ці скажуць, што ў нас ёсць палітвязні. Зусім не шмат хто назаве ўсіх палітвязняў. Таму, калі ёсць такая магчымасць – выказацца на такую балючую тэму, таксама як і пра зніклых, – трэба гаварыць».

Гэтае ж балючае пытанне ўздымалі сёння і на прэсавай канферэнцыі ініцыятыўнай групы Міколы Статкевіча. Каардынатары гэтай ініцыятывы, нягледзячы на адсутнасць рэгістрацыі з боку Цэнтрвыбаркаму, вырашылі не спыняць сваёй дзейнасці, пакуль не будуць вызвалення і рэабілітаваныя ўсе палітзняволеныя ў Беларусі.

МАРЫНА АДАМОВІЧ, ЖОНКА І КІРАЎНІЦА ІНІЦЫЯТЫЎНАЙ ГРУПЫ МІКОЛЫ СТАТКЕВІЧА:
«Мы будзем рабіць усё дзеля таго, каб выкрыць незаконны і нечалавечы характар гэтых так званых выбараў. І, апроч усяго іншага, будзем спрабаваць збіраць подпісы за вызваленне беларускіх палітвязняў».

Паводле аднаго з удзельнікаў прэсавай канферэнцыі, экс-кандыдата на прэзідэнта на выбарах 2010 года і лідара руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць» – Уладзіміра Някляева, дзейнасць ініцыятыўнай групы будзе скіраваная не толькі на беларускіх грамадзянаў, але і на заходнюю палітычную супольнасць, якая апошнім часам у дачыненні да афіцыйных уладаў змяніла тон на больш прагматычны. Палітык засцерагае ад такой пазіцыі ды заклікае да салідарнасці.

УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ, ЛІДАР РУХУ «ЗА ДЗЯРЖАЎНАСЦЬ І НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ БЕЛАРУСІ»:
«Не бывае так, каб хтосьці жыў побач, маючы палітвязняў, парушэнне правоў чалавека, несвабоду, і каб увесь час доўжылася сытае жыццё суседзяў».

Напярэдадні экс-кандыдат на прэзідэнта Мікола Статкевіч, які ўжо амаль пяць гадоў сядзіць за кратамі, заклікаў беларусаў да грамадзянскага супраціву. Паводле Статкевіча супраціў можна праявіць, напрыклад, прыйшоўшы на ўчастак для галасавання ў дзень выбараў і зрабіць допіс у бюлетэнь, які б выразна сведчыў аб непрыманні палітыкі рэжыму Лукашэнкі.

Юрый Салодкі, «Белсат»