У Мінску прайшло чарговае пасяджэнне Рады Беларускага нацыянальнага кангрэса.

Пад вельмі прафесійным старшынствам кіраўніка дэмакратычнай кааліцыі Аршанскага рэгіёна Васіля Бераснева мы абмеркавалі хаду і вынікі мінулай “выбарчай” кампаніі, прынялі рашэнне пра свае наступныя дзеянні, а таксама стварылі міжнародную камісію Рады, абраўшы яе старшынём Андрэя Саннікава.

Вельмі цікавым быў аналіз “выбараў”, зроблены кіраўнікамі дэмакратычных кааліцый В. Берасневым, Гомельскага рэгіёна Алесем Яўсеенкам, Светлагорскага рэгіёна Юрыем Ляшэнкам, Барысаўскага рэгіёна Анатолем Букасам, Полацкага рэгіёна Яўгенам Парчынскім, прадстаўніком кааліцыі Слонімскага рэгіёна (замест захварэўшага Івана Шэгі) Віктарам Марчыкам, лідарам працаваўшага ў агульнадэмакратычнай кампаніі назірання за “выбарамі”прафсаюза РЭП Генадзем Фядынічам. Выснова калегаў аднадушная – “выбары” ў іх рэгіёнах не адбыліся, яўка выбаршчыкаў склала значна меней за 50%.

Крытыку выступоўцаў выклікала імкненне кіраўніцтва апазіцыйных партый, заахвочанага іх партнёрамі, вылучыць як мага болей кандыдатаў. Большасць з гэтых кандыдатаў не вялі актыўнай выбарчай кампаніі, нават не расказвалі пра праграмы сваіх партый. А некаторых з іх увогуле лепш было б не паказваць выбаршчыкам.

Але нават наяўнасць у акругах па 2-3 апазіцыйных кандыдатаў, якія расцягвалі галасы выбаршчыкаў, не стымулявала ўлады скарыстацца гэтым і наладзіць рэальны падлік галасоў. Масштабы фальсіфікацый пераўзышлі ўсе папярэднія “выбары”.

Па вынікам пасяджэння Рада прыняла заяву, якая будзе надрукаваная пазней.

Мікалай Статкевічfacebook.com