Як улады перапалохаліся акцыі Статкевіч

Чаму ў дзень правядзення акцыі за новыя свабодныя выбары ўлады закрылі для вернікаў Чырвоны касцёл?

«На нядзельнай Імшы 11 верасня а 21:00 пачула ў аб\’явах: на два дні зачынены Чырвоны касцёл», – піша на сайце krynica.info паэтка, арганістка і настаўніца Марыя Новікава.

Скасаваныя службы, нікому нельга ўвайсці ў храм. Што ж здарылася? Ніякіх выразных тлумачэнняў няма. 12.09 прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі кс. Юрый Санько паведамляе, што ўсё гэта, нібыта, праз працы над «распрацоўкай праектна-каштарыснай дакументацыі», якую вядзе прадпрыемства «Менская спадчына».

«Наша ніва» паведамляе, са спасылкай на таго ж Юрыя Санько, што касцёл зачынілі на два дні ў сувязі з рэстаўрацыяй, каб «паспець скончыць усе небяспечныя працы ў будні…»… Значыць, ужо некаторы час у храме адбываюцца нейкія «работы». Хм, і што ж тут рабілі? Што ж гэта за праектная дакументацыя такая небяспечная? Можа, яна вылучае небяспечны для жыцця газ ці ў яе ёсць нейкі з\’едлівы дух? Да ёсць. Відавочна папахвае няпраўдай і рэжацца пылам у вочы.

Ніякіх прыкмет падрыхтоўкі да рэстаўрацыі да вечара нядзелі я тут не заўважала, хоць штодня бываю ў Чырвоным… Добра памятаю, што, прынамсі, цягам апошніх 15-ці гадоў касцёл ніколі не зачынялі, хоць было – стаялі лясы, на іх сядзелі майстры , скрэблі столь, пасля фарбавалі. Ды і, нават, галоўны алтар рамантавалі, і службы праходзілі! Што ж такога аварыйнага паспела здарыцца з вечара нядзелі? Яшчэ а 21:30, калі людзі выходзілі з храма ў нядзелю, тут усё было ў парадку. І раптам узнікаюць нейкія «небяспечныя працы».

«Крыніца-інфо» паведаміла, што праблемы са свабодным уваходам у храм паўсталі ўжо ўвечары 11.09. І сапраўды, так: пасля 21:00 выйсці можна было толькі праз Бакавы ўваход. Якія такія «работы» заблакавалі цэнтральны выхад у нядзелю? Людзі спачатку бянтэжыліся, але вокны ЦВК знаходзяцца як раз насупраць бакавога выхаду, таму «ўсё адразу станавілася зразумелым» (так выказаліся маладыя людзі, выходзячы).

Увесь наступны дзень касцёл сапраўды існаваў у рэжыме аблогі: вернікі з ружанцам, хоць і не маглі трапіць на службу, маліліся пад дзвярыма храма. Праз зашклёныя дзверы не відаць было ніякага руху. Увечары 12.09 прыйшло паведамленне, што 13.09 з 7:00 службы ў касцёле аднаўляюцца. Дзе ж вяліся тыя «небяспечныя працы» па «распрацоўцы дакументацыі»? Можа ў белай залі? Дык там у панядзелак пакладзена роўна 17 падлогавых плітак: гэта кавалак прыкладна ў 3,5 квадратных метра… Можа, там працавала велізарная брыгада майстроў, якім перашкаджалі б вернікі? Ды не: былі толькі тры чалавекі. Што ж адбылося ў гэты панядзелак?

На маю думку, прайшла акцыя глупства. З гэтага «праекта рэстаўрацыі» высоўваецца дзяржаўны страх. І не проста страх перад нейкімі абстрактнымі пратэстоўцамі ў дзень «выбараў». Тут відавочна вылазіць падсвядомы жах перад вернікамі, якіх Бог вучыць не сведчыць ілжыва… Таму і аб\’ектам небяспекі быў названы касцёл.

Вельмі паказальна, што ў панядзелак быў адкрыты галоўпаштамт, працаваў гатэль «Менск», гарвыканкам, два ўніверсітэты і, урэшце, гандлёвы цэнтр «Сталіца» з усімі яго катакомбамі і падземнымі лабірынтамі. І толькі ў касцёл людзі не маглі патрапіць.