Валянцін Стэфановіч — беларускім уладам: Няма чаго на люстэрка наракаць
Беларускія ўлады прадаўжаюць антыправаабарончую рыторыку.
Падчас сустрэчы з прэм\’ер-міністрам Пакістана Наваз Шарыфам 11 жніўня старшыня «палаты прадстаўнікоў» Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што ўзаемная падтрымка ў ключавых пытаннях для дзвюх дзяржаў дазволіць паспяхова адстойваць свае інтарэсы ў ААН, піша ПЦ «Вясна».
«У нашых краін шмат агульных інтарэсаў, што абумоўлівае падабенства пазіцый, у тым ліку ў міжнародным парадку дня. Узаемадзеянне Беларусі і Пакістана ў рамках Арганізацыі Аб\’яднаных Нацый носіць узважаны канструктыўны характар. Акрамя таго, мы разам выступаем супраць выкарыстання праваабарончай тэматыкі ў якасці інструмента палітычнага ціску на суверэнную дзяржаву», — заявіў ён.
З гэтай нагоды намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч адзначае, што такая антыправабарончая рыторыка неаднаразова гучала ў выступах афіцыйных прадстаўнікоў дзяржавы, у тым ліку і на Генеральнай Асамблеі ААН, і, між іншым, пра гэта не раз казаў Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.
«Беларусь пастаянна крытыкуе краіны Захаду, што яны ўсіх павучаюць, каму-небудзь што-небудзь навязваюць, а ў нас тут нібыта нейкі свой шлях. Але правы чалавека — гэта ўніверсальныя каштоўнасці. Яны не павінны парушацца ні ў Францыі, ні ў Беларусі , ні ў іншых краінах. Напрыклад, прымусовая праца застаецца прымусовай працай, незалежна ад таго, дзе яна мае месца: у Пакістане, ЗША ці ў Беларусі. І нічога дзіўнага няма ў тым, што Беларусь неаднаразова крытыкавалася ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека ў асноўных міжнародных арганізацыях — ААН і АБСЕ, што запускала механізмы спецдакладчыкаў у дачыненні да Беларусі», — кажа праваабаронца.
«Калі дзяржава прыкладае намаганні, каб правы чалавека не парушаліся (а яны парушаюцца ў розных краінах, толькі ўзровень парушэнняў розны), то гэта адна сітуацыя. Але калі дзяржава лічыць, што хто-небудзь штосьці ёй навязвае і аказвае ціск, — то не дапушчайце такіх парушэнняў!» — дадае ён.
Валянцін Стэфановіч падкрэслівае, што ідэі культурнага рэлятывізму вельмі папулярныя сярод тых дзяржаў, якія найбольш крытыкуюцца за парушэнні правоў чалавека.
«І Пакістан тут — таксама яркі прыклад. Улады гэтай краіны заўсёды моцна крытыкуюцца праваабаронцамі — і за наяўнасць смяротнага пакарання (уваходзіць у сусветныя лідары па колькасці вынесеных і прыведзеных у выкананне смяротных прысудаў), і за парушэнні грамадзянскіх і палітычных правоў у самых розных сферах, і за дыскрымінацыю (у тым ліку і дыскрымінацыю жанчын), і за іншыя праблемы, — нагадвае Валянцін Стэфановіч. — Але, вядома, вінаваты хтосьці — хто выкарыстоўвае праваабарончую тэматыку ў мэтах «аказання ціску на дзяржавы, якія праводзяць незалежную палітыку».
Праваабаронца называе вельмі сімвалічным і красамоўным той факт, што лаўрэатам Нобелеўскай прэміі свету 2014 стала Малала Юсуфзай — школьніца з Пакістана, якая змагаецца за права на адукацыю для мусульманскіх дзяўчат і жанчын і праз сваю праваабарончую дзейнасць ледзь не пазбавілася жыцця.
«І пры гэтым улады Пакістана будуць заяўляць пра нейкі ціск?! Тут мне толькі ўспамінаецца прымаўка: «Няма чаго на люстэрка наракаць, калі рожа крывая», — кажа Валянцін Стэфановіч.
З апошніх выказванняў такога роду з боку беларускіх чыноўнікаў прадстаўнік ПЦ «Вясна» ўспамінае словы старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай падчас ліпеньскай канферэнцыі АБСЕ ў Вене, дзе ён выступаў таксама.
«У Вене Ярмошына казала, што, маўляў, міжнародныя назіральнікі не павінны выкарыстоўвацца для ціску на незалежныя дзяржавы. Дык вы выконвайце рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, праводзьце дэмакратычныя і свабодныя выбары — не будзе і ніякай крытыкі. Усё ж вельмі проста. А калі хочаце махляваць, як звычайна робіце, то і крытыка будзе», — падсумаваў праваабаронца.