варот да ўдзельнікаў пасяджэння 9.07.2015 аргкамітэту ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча
Вячаслаў Сіўчык:
Шаноўныя сябры!
Вельмі ўсцешаны, што ёсць нагода прывітаць вас і публічна падзякаваць за тое, што ўжо зроблена дзякуючы вашай працы. Вельмі прашу вас на сённяшнім пасяджэнні абмежавацца толькі адным пытаннем – фармаваннем спісаў ініцыятыўнай групы і перадача іх у вясёлы балаганчык Ярмошынай.
У межах гэтага трэба прыняць шмат рашэнняў.
Весці збор дадзеных сябраў ініцыятыўнай групы да перадапошняга вызначанага заканадаўствам дня, каб у апошні дзень спісы падаць на рэгістрацыю.
Спрасціць перадачу дадзеных з штабоў суб’ектаў кааліцыі ў агульнаініцыятыўную групу і абавязаць штабы штодзённа здаваць канчаткова вывераныя дадзеныя сябраў ініцыятыўнай групы.
Стварыць тэхнічную групу па праверцы спіса, бо адзін і той жа сябра ініцыятыўнай групы можа быць пададзены ад розных штабоў, ды яшчэ і сам запісацца па інтэрнэту.
Пачаць падрыхтытоўку да падачы разам з неабходнымі дакументамі на рэгістрацыю заявы пра неабходнасць самароспуску лукашэнкаўскай ЦВК на падставе 19 гадавога пазбаўлення беларускай нацыі права выбіраць уладу (з падкрэсліваннем асоб ролі Ярмошынай і Лазавіка, якія ўжо састарэлі да пенсійнага ўзросту) і блюзнерскай адмове на скаргу Р. Кастусёва і У. Някляева. Папярэдзіць прадстаўнікоў лукашэнкаўскага ЦВК пра персанальную адказнасць, бо іхнія дзеянні ёсць вельмі важнымі ў агрэсіўных планах В. Пуціна па дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі.
Мы мусім абараніць сябраў ініцыятыўнай групы. Прасіць каардынатара ініцыятыўнай групы, шаноўную Марыну Адамовіч, праінфармаваць кіраўнікоў праваабарончых арганізацый пра неабходнасць іх імгненнай рэакцыі пры спробах улады ўжываць рэпрэсіўныя метады супраць тых людзей, якія паверылі нам і далучыліся да ініцыятыўнай групы.
Спрасціць працэдуру прызначэння каардынатараў, надаўшы ёй фармальны характар.
Лічу, што сама схема працы ініцыятыўнай групы не павінна быць зменена. Нельга ствараць нейкія непатрэбныя палітычныя надбудовы. Ёсць каардынатар, ёсць штабы суб’ектаў і гэтага досыць. Не хапала і тут бюракратызаваць працэс. Але, роля партыі, якую ачольвае Мікалай Статкевіч, мусіць узрасці ў апошнія і вырашальныя дні фармавання ініцыятыўнай групы. БСДП (НГ) мусіць узяць на сябе галоўны цяжар падачы спіса. Гэта было б лагічна. Тое ж тычацца і каардынатараў.
Таму няма часу абмяркоўваць “глабальныя” пытанні і “дзяліць” партфелі.
Трэба рабіць ініцыятыўную групу масавай. Трэба рабіць шырэйшай нашую кааліцыю. Таму мы вітаем рашэнне Сойму Партыі БНФ пра дазвол сябрам партыі ўваходзіць у ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча, вельмі хацелі б бачыць гэтую партыю паўнавартасным удзельнікам працэсу. А на этапе фармавання ініцыятыўнай групы Штаб Руху Салідарнасці “Разам” гатовы аказаць усялякаю дапамагу прадстаўнікам партыі БНФ. У нас няма аніякіх умоў ці нейкіх бюракратычных патрабаванняў. Мы робім адну справу. Бо нарэшце рэальна ствараецца, тое, чаго даўно патрабуе беларускі народ – аб’яднаная апазіцыя.
Таму дзверы да далучэння мусяць быць адчыненыя. Прашу калегаў устрымлівацца ад публічнай крытыкі прадстаўнікоў апазіцыі, якія яшчэ не паспелі зразумець, што адбываецца ў краіне, і якія цяжкія выпрабаванні чакаюць Беларусь гэтай восенню, таму і засталіся са сваімі старымі падыходамі. Тымі падыходамі і схемамі, якія насамрэч, адмяняе жахлівая рэальнасць Украіны, дзе штодзённа дэманструецца бязмежжа пуцінскага цынізму. Нельга ў гэтай сітуацыі публічна крытыкаваць прадстаўнікоў апазіцыі, як тых, хто прыняў рашэнне ўдзельнічаць у выбарчым фарсе, гэтак і тых, хто прыняў рашэнне байкатаваць яго і пакуль самаадхіліўся ад нашай кааліцыі. Выбараў у краіне няма з лістападу 1996 году, дык у чым сэнс усіх гэтых спрэчак. Словы, якія сказаў у 2010 годзе Мікалай Статкевіч: Саша, павярні тое, што скраў у беларускага народу, вярні выбары – абсалютна слушныя. Мы мусім пра гэта памятаць. І разумець, што дыктатар сам не паверне нічога і сам нікуды не будзе сыходзіць. Залатыя ўнітазы не дазволяць.
Таму адзіная наша надзея – гэта людзі Беларусі. Таму сёння трэба прымаць зварот, каб усе хто можа, мелі магчымасць далучыцца да ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча з кантактнымі адрасамі ўсіх штабоў.
Лозунг «Без вызвалення кандыдата ў прэзідэнты на мінулых выбарах Мікалая Статкевіча і ўсіх палітвязняў ды поўнага аднаўлення іх у правах ніякія выбары ў Беларусі не могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі» праўдзівы і мусіць аб’яднаць усіх. І даць надзею беларусам.
Жыве Беларусь!
З вялікай павагай, Старшыня Руху Салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык