Навіны

Выбарачная амністыя

Завяршаецца амністыя, прымеркаваная да 3 ліпеня.

Як паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных справаў, закон вызваліў цалкам або зменшыў тэрмін ужо амаль 8-і тыс. зняволеных. Аднак у гэтым вялікім спісе не знайшлося месца для 12 прозвішчаў палітычных вязняў.

Глядзець відэа Глядзець відэа

З самага пачатку свайго тэрміну зняволення экс-кандыдат на прэзідэнцтва Мікола Статкевіч, які трапіў за краты паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых закалотаў, зазнаў ўціск з боку адміністрацыі калоніі.

МАРЫНА АДАМОВІЧ, ЖОНКА ПАЛІТВЯЗНЯ:
“Гэта тычылася і рэжыму ўтрымання, і колькасці спагнанняў, і неабгрунтаванага прысваення яму схільнасцяў да суіцыду, да ўцёкаў, да нападаў. Гэта тычылася і неатрымання карэспандэнцыі”.

Аднак апошнім часам сітуацыя нечакана пачала мяняцца. Нягледзячы на тое, што палітык па-ранейшаму застаецца ў следчым ізалятары, умовы ягонага ўтрымання палепшыліся. Да вязня пачалі даходзіць лісты і перадачы. Змянілі яму і камеру. 

МАРЫНА АДАМОВІЧ, ЖОНКА ПАЛІТВЯЗНЯ:
“Нават сказаў, што зараз яму цёпла ў параўнанні з тою лядоўняю, у якой ён быў цягам апошняга года. Да таго ж ён паведаміў, што прыкметна змянілася сітуацыя ў самой турме. Цяпер адміністрацыя стараецца цалкам следаваць нормам крымінальна-выканаўчага кодэксу”.

Крыху лягчэй стала дыхаць і іншаму палітвязню – Эдуарду Лобаву, у якога акурат напярэдадні скончылася трохдзённае спатканне з маці ды братам. 

МАРЫНА ЛОБАВА, МАЦІ ПАЛІТВЯЗНЯ:
“Трымаецца бадзёра, настрой добры. Быў вельмі шчаслівы ўбачыць мяне і брата. У размовах мы правялі ўсе тры дні, мы нават не адыходзілі, не глядзелі тэлевізара”.

Што праўда, нават нягледзячы на паляпшэнне ўмоваў утрымання, кажа спадарыня Марына, расчараванне не адпускае. Яна, як і сваякі іншых 11 палітвязняў, якія дагэтуль застаюцца ў турмах, былі перакананыя, што бліжэйшым часам усе зняволеныя апаненты ўлады трапяць пад амністыю. Дзякуючы дакументу, сёлета на волю выйшлі 2671 асоба. Удвая болей – атрымалі змяншэнне тэрміну. Праваахоўнікі сцвярджаюць, што закон – роўны для ўсіх, аднак незалежныя эксперты маюць іншае меркаванне. 

ТАМАРА СІДАРЭНКА, ЮРЫСТКА:
“З улікам таго, што за дробныя парушэнні ўсе палітвязні мелі санкцыі, і таго факту, што частка артыкулаў, паводле якіх іх асудзілі, палітзняволеныя не трапілі пад амністыю. Гэта кажа пра іншае – пра тое, што амністыя пісалася з улікам канкрэтных асобаў палітзняволеных”.

А таму сваякі вязняў перакананыя, што ўлады маюць свае планы на выкарыстанне цэлага штабу палітычных закладнікаў.

МАРЫНА ЛОБАВА, МАЦІ ПАЛІТВЯЗНЯ:
“На волю выйдуць толькі тыя, хто не нясе ніякай пагрозы ўладам. Палітычных зняволеных выпусцяць, толькі калі падыдзе нейкі палітычны альбо эканамічны момант”.

Бо досвед паказвае, што толькі ён можа прымусіць распачаць чарговы этап “гандлю” палітвязнямі, якія за апошнія гады сталіся хіба найбольш дзейснаю валютаю ў палітычных спрэчках Менску з Бруселем і Вашынгтонам.

Сяргей Марчык, “Аб’ектыў”