«Вылучэньне Статкевіча — варыянт прыгожага сыходу ад праблемы Плошчы»
Апошнія дні ў сярод палітычна актыўнай часткі грамадзтва актыўна абмяркоўваецца ідэя вылучэньня ў якасьці адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў палітвязьня Міколу Статкевіча. Нядаўна гэтую ідэю падтрымаў і былы кандыдат у прэзыдэнты, лідэр кампаніі Гавары праўду Уладзімер Някляеў. Пра што сьведчыць гэтая ідэя, як можа разгарнуцца сцэнар выбараў пры такім раскладзе? Ці будзе прынята вылучэньне Статкевіча большасьцю апазыцыйных сілаў і якія наступствы могуць быць ад гэтага кроку? На гэтыя пытаньні адказвае кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.
Цыганкоў: Пра што сьведчыць ідэя вылучыць у якасьці адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў палітвязьня, былога кандыдата ў прэзыдэнта Міколу Статкевіча? Ці абазначае такі крок прызнаньне з боку апазыцыі, што рэальнай палітычнай барацьбы на гэтых выбараў ня будзе і таму варта рабіць пэўныя маральныя, а не палітычныя акцыі?
Класкоўскі: Так, сапраўды, гэтая ідэя падхоплена не ад добрага жыцьця, — але ня ўсімі, дарэчы. Тут паказальна, што быў такі часавы лаг — бо дэ-факта гэтую ідэю падкінуў сам Статкевіч два месяцы таму ў адным са сваіх лістоў. І было два месяцы маўчаньня, і толькі днямі зьявіўся артыкул Уладзімера Някляева з падтрымкай гэтай ідэі.
Я думаю, гэта, па-першае, адлюстроўвае той тупік, у якім апынуліся апазыцыянэры з вылучэньнем адзінага кандыдата. Па-другое, гэта ёсьць ускосным прызнаньнем, што сёньня палітычная апазыцыя ня ў тым стане, ня ў той вагавай катэгорыі, каб весьці рэальную барацьбу за ўладу. Дэ-факта яны пераўтварыліся ў дысыдэнтаў, і таму тэарэтычна стала магчымай такая прыгожая маральная акцыя. Фактычна гэта нагода нагадаць, што ў турмах ёсьць палітвязьні, і — прыгожа сысьці.
Шчыра кажучы, гэта варыянт прыгожага сыходу ад праблемы Плошчы. Многім зразумела, што Плошча ня можа быць пераможнай. А тут, паколькі ўлада наўрад ці Статкевіча ня выпусьціць (а калі і выпусьціць, то ў яго будзе судзімасьць, і ён таксама ня здолее ўдзельнічаць у выбарах) — то тады байкот, і адпадае сама ідэя Плошчы. Бо няма падставаў ваяваць «за скрадзеную перамогу».
Цыганкоў: Калі такі крок усё ж будзе зроблены, як можна спрагназаваць яго палітычныя наступствы — для ўлады і для апазыцыі?
Класкоўскі: Такі крок ня будзе зроблены. Я маю інфармацыю, што «сямёрка» апазыцыйных лідэраў фактычна гэтую ідэю ўжо адхіліла.
Тут клубок прычынаў, у тым ліку і амбіцыі асобных лідэраў — «як гэта можна быць нечым дублёрам?» Калі ў некаторых гэта «гульня апошняй надзеі» — наступныя выбары для іх ужо будзе нерэальна вылучацца, а тут можна перажыць зорны час. Факт тое, што (чакана для мяне) большасьць апазыцыйных лідэраў вельмі кісла паставіліся да гэта ідэі. На практыцы я бачу, што апазыцыя страчвае шанец хаця б прыгожа, маральна, годна правесьці гэтую кампанію. На жаль, у выніку зноў будзе некалькі спарынг-партнэраў для Лукашэнкі, які адной левай выйграе гэтую кампанію.
І яшчэ — мы, заўважце, гаворым пра пэрсаналіі, але ані слова ўцямнага я не пачуў пра ідэі, лёзунгі, канцэпцыі. Такі канцэптуальны вакуўм — самае страшнае. Бо нешта прывабнае канструктыўнае прапанаваць сёньня апазыцыя ня можа. І гэта бадай што галоўны выклік для яе.