Навіны

ВЫНІКІ І УРОКІ МІНУЛАЙ ПАРЛАМЕНЦКАЙ КАМПАНІІ Заява Рады БНК

Мінулая парламенцкая “выбарчая” кампанія чарговы раз паказала – рэальных выбараў у Беларусі няма. Правячая кліка ператварыла іх у бессэнсоўны рытуал з загадзя вядомым вынікам.

“Выбарчая сістэма” даўно стала неад’емнай часткай механізма ўтрымання дыктатарам улады над краінай. Такой жа, як яго сілавыя структуры.

Беларускі Нацыянальны Кангрэс ад пачатку адмовіўся гуляць у “выбарчым” рытуале рэжыма ролю, адведзеную ім апазіцыі – сваім удзелам падцвердзіць перад грамадствам сапраўднасць “выбараў”.

Мы ставілі на гэту кампанію наступныя мэты:
1. Абудзіць палітычную актыўнасць народа, даць яму публічныя прыклады грамадзянскай мужнасці.
2. Пашырыць кола прыхільнікаў і актывістаў БНК.
3. Падрыхтавацца да наступнай прэзідэнтскай кампаніі.

Усяго арганізацыі і рэгіянальныя кааліцыі БНК вылучалі кандыдатамі ў дэпутаты 88 чалавек.

У межах адзінай стратэгіі мы выпрабоўвалі розныя тактыкі, скарыстоўвалі дзеля нашых мэтаў розныя працэдуры “выбарчага” рытуалу.

БСДГ падтрымала вылучэнне кандыдатаў ад Моладзевага блоку.

Еўрапейская Беларусь, некаторыя рэгіянальныя кааліцыі выкарыстоўвалі дзеля нашых мэтаў збор подпісаў і агітацыйныя пікеты кандыдатаў.

Народная Грамада і частка рэгіянальных кааліцый найбольш актыўна скарыстоўвалі дзеля арганізацыі вулічных акцый і жорсткай крытыкі правячай клікі мітынгі і пікеты па збору подпісаў.

Рух Салідарнасці “Разам” праз вылучэнне сваіх кандыдатаў праводзіў грамадскую кампанію “Саюз з Расеяй – вайна і галеча!”

Разам мы правялі мітынгі і пікеты ў дзесятках гарадоў краіны. Да нашых арганізацый далучыліся сотні грамадзянаў, 3500 увайшлі ва ініцыятыўную групу кандыдата ў прэзідэнты ад БНК Мікалая Статкевіча.

Мы завершылі наш ўдзел агульнымі акцыямі ў цэнтры сталіцы.

Мы ведаем – перамагчы правячую кліку на арганізаваных ёй “выбарах” немагчыма. Вярнуць краіне свабоду можна толькі праз масавы працяглы мірны пратэст. Мы сталі больш падрыхтаванымі да гэтага.
Наступны год стане вырашальным для Беларусі.

Уладу – народу!
Жыве Беларусь!

г. Мінск 19.11.2019 г.