Актуальна

Выратаваць Максіма Вінярскага

Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» выступіла з заявай:

«Сёння лукашэнкаўскі суд чарговым разам прысудзіў каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага да 12 дзён арышту. Максім быў затрыманы міліцыяй каля свайго дома ў сувязі з тым, што ён нібыта падобны да чалавека, які знаходзіцца ў вышуку, а асуджаны за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі».

Гэты прысуд стаў яшчэ адным абуральным сведчаннем беззаконнасці дыктатарскага рэжыму. На Максіма зладзілі сапраўднае паляванне. Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» на гэты момант праводзіць менш часу на волі паміж сваімі адседжваннямі, чым у турме.

Сам Максім звязвае сваё затрыманне з імкненнем улад не дапусціць ягонага ўдзелу ў запланаваным на 26-га красавіка «Чарнобыльскім шляху», традыцыйнай акцыі апазіцыі. Існуе рэальная пагроза таго, што ўлады не абмяжуюцца гэтым пакараннем і, як ужо бывала, знойдуць спосаб падоўжыць ягонае знаходжанне ў турме, каб не дапусціць ягонага знаходжання ў Менску падчас чэмпіянату свету ў хакеі. Менавіта таму ён абвясціў сухую галадоўку.

Жыццё нашага таварыша ў небяспецы. Апошнім часам ён правёў у турме больш за 300 дзён, што сур\’ёзна паўплывала на стан ягонага здароўя.

Патрабуем неадкладнага вызвалення Максіма Вінярскага, пакарання вінаватых у ягоным незаконным арышце і спынення практыкі прэвентыўных арыштаў напярэдадні чэмпіянату свету ў хакеі».

 

Нагадаем, што сённня каардынатару «Эўрапейскай Беларусі» Максіму Вінярскаму Фрунзенскі суд Мінску прысудзіў 12 сутак арышту за “непадпарадкаваньне міліцыі”.

Актывіст абвясьціў сухую галадоўку пасьля прысуду.

Карэспандэнту Свабоды Максім Вінярскі так пракамэнтаваў вырак:

«Мяне яўна хочуць ізаляваць перад Чарнобыльскім шляхам, а магчыма, і ў сувязі зь іншымі падзеямі. Я абвяшчаю сухую галадоўку і адмаўляюся падпарадкоўвацца незаконным загадам міліцыі».

Максім Вінярскі запатрабаваў, каб да яго выклікалі хуткую дапамогу.. Лекары прызналі яго хворым і сказалі, што павязуць ў лякарню. Але судзьдзя Людміла Лапо забараніла забраць Вінярскага з залі Фрунзенскага суда.

Максіма Вінярскага затрымалі некалькі чалавек у цывільным аб 11 гадзіне на вуліцы пасьля наведваньня крамы «Карона».

Максім Вінярскі нядаўна вызваліўся пасьля 15-суткавага арышту. Ён распавёў праваабаронцам, што перад вызваленьнем супрацоўнік міліцыі прапанаваў яму часова зьехаць зь Менску. Маўляў, ёсьць два варыянты: альбо зьехаць з краіны, альбо выехаць у вёску на пэўны час (маецца на ўвазе час правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакеі).

Бо «пытаньне з вамі ўсімі» будзе абавязкова вырашана, папярэдзіў супрацоўнік міліцыі.

У адказ на гэтае папярэджаньне Вінярскі заявіў праваабаронцам, што ён не ўжывае наркотыкаў, ня лаецца матам, ня схільны да хуліганскіх учынкаў, і таму магчымы арышт просіць расцэньваць як прэвэнтыўную ізаляцыю з-за сваіх грамадзка-палітычных перакананьняў.