Мікалай Статкевіч – да Марыны Адамовіч

З ліста ад 2-га лютага:

«У гэтых «канстытуцыйных» зменах ёсць станоўчыя: вяртанне да абмежавання ў два прэзідэнцкіх тэрміны; вяртанне да прыярытэту закона над дэкрэтам (акрамя ўжо прынятых дэкрэтаў); формула для прыняцця зменаў у Канстытуцыі «болей за палову прыйшло, з іх болей за палову падтрымала змены».

Такім чынам, усё станоўчае ў гэтым «рэферэндуме» – вяртанне да некалькіх нормаў Канстытуцыі 1994 года. Прасцей і лепей было б проста вярнуць тую Канстытуцыю цалкам. А потым унесці некаторыя змены парламентам. Неўзабаве так і станецца. Тым болей, што новы механізм зменаў у Канстытуцыю рэферэндумам цяпер дазволіць зрабіць гэта больш проста.

Што тычыцца «трэцяй вышэйшай» палаты парламента, то не зусім згодны, што гэта для працаўладкавання адной персоны. На мой погляд, гэта – больш спроба засцерагчыся ад адказнасці за зробленае.

А калі падсумоўваць, то ўся цяперашняя кампанія – гэта пачатак сыходу. Як казаў некалі Гарбачоў – «працэс пайшоў». Так, ён суправаджаецца помстай грамадству, захаваннем надзей і нейкіх магчымасцяў не зыходзіць. Але гэты працэс ужо незваротны. Пачынаецца тое, што на пачатку верасня 2020 г. у лісце табе я назваў «адкладзенай перамогай».»

З ліста ад 06.02.22 г.:

«Некалькі дзён таму пачуў афіцыйную лічбу заражэння ў каронавірусам за дзень – болей за 7 тысяч. А што ў рэальнасці? І ўсё гэта на тле такога некамплекту ўрачоў. Калі ў прэстыжным Мінску іх 800 не хапае, то можна толькі ўяўляць, што робіцца ў рэгіёнах, у райбальніцах. Толькі і застаецца, што заклікаць не панікаваць. Ды прыходзіць на «рэферэндум».

Гора краіне, з якой уцякае адукаваны клас. І ніякія судовыя рашэнні аб спагнанні грошай за навучанне, як было не вельмі даўно ў Брэсце, не спыняць гэтыя ўцёкі. Толькі ўмацуюць людзей у рашэнні не вяртацца.»

З ліста ад 09.02.22 г.

«Заўтра гэтыя вучэнні. Спадзяюся, што расійскія войскі пабразгаюць зброяй, напалохаць Захад і Украіну ды з’едуць дахаты.

Але гэта вельмі небяспечна – запрашаць на сваю тэрыторыю чужыя войскі ў колькасці, параўнальнай з колькасцю ўласнага войска (у нас яго меней за 40 тым + болей за 20 тым цывільнага персанала). Па-сутнасці, зрабіць так – гэта зрабіцца закладнікам чужой волі. Што захочуць – зробяць, нават пытацца не будуць. Могуць вайну развязаць з нашай тэрыторыі і нас у яе ўцягнуць. Могуць на зваротным шляху заехаць у Мінск і паскорыць «працэс утварэння Саюзнай дзяржавы». Памятаем, як аточаныя расійскімі войскамі Сеймы Рэчы Паспалітай ухвалялі падзелы сваёй дзяржавы. А тут і акружаць не трэба – гэтым звышпаслухмяным «дэпутатам» толькі скажы. За ўсё прагаласуюць. І аб’явяць інкарпарацыю ў склад РФ патрыятычным актам па захаванню незалежнасці ад Захаду ўнутры Расіі.

Але ўсё гэта – страхі «калабарантаў». А ва ўлады – свая іерархія страхаў. Літаральна зараз вырашылі ўзброіць пажарнікаў ды навучыць іх разганяць «масавыя беспарадкі».»

Мікалай Статкевіч, Гомель, СІЗА-3