З Міколы Статкевіча знялі статус “злоснага парушальніка рэжыму”
25 ліпеня ў турме №4 у Магілёве адбылося паседжанне камісіі, якая скасавала статус “злоснага парушальніка рэжыму” з палітвязня, кандыдата ў прэзідэнты на мінулых выбарах Мікалая Статкевіча. Ён атэставаны, як “не стаўшы на шлях выпраўлення”.
Пра гэта ён напісаў у сваім апошнім лісце да жонкі.
Пра тое, што гэта азначае ва ўмовах турмы, гаворыць жонка палітвязня, Марына Адамовіч:
– У турме ў яго нічога іншага не з’явіцца, не зменіцца, турма застаецца турмой. Адзінае, што статус “злоснага парушальніка” дае зняволенаму, быў бы ён у турме ці ў калоніі, права на “атаварку” ўсяго толькі на 100 тысяч рублёў у месяц, а калі гэты статус здымаецца, то ў залежнасці ад рэжыму, гэта можа быць ад 2-х да 5-х базавых велічыняў. Скажам так, падсілкавацца на 100 тысяч рублёў – гэта фактычна нерэальна.
Зараз Мікалаю Статкевічу вяртаюць права на дадатковыя сродкі на “атаварку” – 100 тысяч рублёў, – паведаміла жонка палітзняволенага, Марына Адамовіч.
Паводле яе, цяпер вязень можа разлічваць скарыстоўваць суму да 200 тысяч рублёў з уласных сродкаў.
“Для нас гэта вялікае свята – істотны дадатак да турэмнага харчовага рацыёну”, – кажа Марына Адамовіч.
Турэмная камісія пакінула за Міколам Статкевічам статус “не ўстаўшага на шлях выпраўлення”. Палітвязень не ведае, ці знялі з яго статус “схільнага да ўцёкаў і нападаў“.