ЗАЯВА РАДЫ БЕЛАРУСКАГА НАЦЫЯНАЛЬНАГА КАНГРЭСУ
Рэжым Лукашэнкі здзейсніў нахабны і цынічны фарс пад назвай «выбары», што ў сітуацыі існавання дыктатуры і пагрозы агрэсіі з Усходу нясе рэальную небяспеку незалежнасці Беларусі.
У звязку з гэтым Рада БНК заяўляе:
так званыя «выбары» не адпавядаюць міжнародным стандартам і не могуць быць прызнаныя. Крымінальнае прызначэнне «дэпутатаў» разам з дзвюмя прадстаўніцамі “ад апазіцыі” нічога не змяняе ў сутнасці і дзеяннях улады. Беларусь застаецца аўтарытарна кіруемай тэрыторыяй пад расейскім кантролем. У краіне па-ранейшаму няма легітымнай заканадаўчай улады, якая магла б абараніць правы і інтарэсы людзей.
Мы зазначаем, што частка дэмакратычных структураў праявіла непаслядоўнасць сваіх пазіцыяў, няздольнасць да стратэгічнага бачання сітуацыі і да салідарнага супрацоўніцтва. Мы будзем працаваць над далейшым аб\’яднаннем дэмакратычных сіл, здольных змагацца супраць дыктатуры.
Мы заклікаем дэмакратычныя, палітычныя і грамадскія сілы да супольнай кампаніі “За новыя выбары, за новую ўладу!» Толькі свабодныя, справядлівыя выбары могуць стаць шляхам да выйсця з крызісу, да паляпшэння жыцця беларусаў.
24 лістапада, у 20-ю гадавіну антыканстытуцыйнага перавароту мы праводзім акцыю пратэсту супраць дыктатуры.
Не чакаць і не выпрошваць свабодныя выбары – прымусіць рэжым да іх!
Уладу – народу!
19.09.2016