15 гадоў таму выкралі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага

Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі бясследна зніклі 16 верасня 1999.

Увечары яны пайшлі ў лазню, размешчаную ў Менску па вуліцы Фабрычная, 20. Апошні раз іх бачылі прыкладна а 22.35, калі абодва выйшлі з будынку і селі ў «Джып-Чэрокі», які належыць Красоўскаму.

Крымінальную справу паводле факту знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага распачала пракуратура Менску. Паводле звестак следства, пры аглядзе прылеглай тэрыторыі былі знойдзеныя аскепкі пластмасавых рассейвальнікаў святлосігнальных прыбораў аўтамабіля, сляды тармажэння аўтамашыны і яе ўдару аб дрэва, а таксама сляды крыві. Вынікі генатыпаскапічнай экспертызы паказалі, што паходжанне знойдзеных на месцы здарэння слядоў крыві ад Красоўскага выключаецца, а ступень дакладнасці высноваў аб паходжанні плям крыві ад Ганчара складае 99,6%. Аналіз сабраных паводле справы доказаў, у тым ліку паказанняў сведак, дае падставу меркаваць, што Ганчар і Красоўскі былі гвалтоўна выкрадзеныя невядомымі асобамі.

Прадстаўнікі апазіцыі, родныя зніклых і міжнародная грамадскасць мяркуюць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя праз палітычныя матывы, і падазраюць у дачыненні да іх выкрадання вышэйшых службовых асобаў краіны.

Нагадаем, сёлета мінае тэрмін даўніны расследавання крымінальных спраў зніклых беларускіх апазіцыянераў.

Хартыя\’97