Анэксія сёння
З ліста ад 29.05.2022
“Неяк падумалася, што ад завяршэння Другой сусветнай вайны да анэксіі Крыма свет пражыў унікальны перыяд – амаль што не было анэксій чужых тэрыторый. Распады дзяржаў, часовыя ўводы войскаў на чужыя тэрыторыі былі, а анэксій амаль не было. Толькі лакальныя пераўсталяванні межаў новастворанымі дзяржавамі – паміж Індыяй і Пакістанам, паміж Кітаем і Індыяй, паміж Ізраілем і арабамі. Яшчэ захоп Кітаем Тыбета ды й некалькі няўдалых спробаў захопу чужых тэрыторый (Іракам у Ірана, Кітаем у В’етнама). Мабыць, за ўсю гісторыю чалавецтва такіх працяглых перыядаў павагі да чужых межаў было вобмаль. Ня ведаю, з чым гэта звязана – з роляй ААН, як гаранта міжнароднага права, з памяццю пра жахі Другой сусветнай вайны ці з разуменнем таго факта, што справядлівых для ўсіх межаў не існуе. І таму, каб спыніць крывавыя калатнечы, лепей іх не чапаць. Але зараз здарыўся Крым. Усё астатняе, што адбываецца і цяпер ва Украіне, – гэта вынікі Крыма, ланцуговая рэакцыя ад яго. Невялікія краіны ў такіх варунках павінны падтрымліваць міжнароднае права. Гэта значыць – Украіну. Бо, калі мы супраць права, то што абароніць нас?”
Мікалай Статкевіч, Гомель, СІЗА №3
Паводле слоў спадарыні Марыны Адамовіч, лісты ад Мікалая ідуць няроўна, іншы раз – «пачкамі». І, канешне, апошнім часам Статкевіч, якога зараз утрымліваюць у СІЗА Гомеля, шмат разважае пра падзеі ва Украіне.