Чыё войска ўтрымлівае наш народ?
Сябры Рады Бенарускага нацыянальнага кангрэсу накіравалі запыт міністру абароны Беларусі Андрэю Раўкову. Чые інтарэсы будзе абараняць беларускае войска ў выпадку расійскай агрэсіі?
Аб гэтым на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміў Мікалай Статкевіч.
Міністру абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнанту Раўкову Андрэю Аляксеевічу
Мы, сябры Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, занепакоеныя інфармацыяй, якая змешчаная ў інтэрв’ю расійскага палітолага Валерыя Салаў’я.
Паводле слоў расійскага палітолага, сярод афіцэрскага складу Ўзброеных Сіл Рэспублікі Беларусь было праведзенае «закрытае апытанне».
Па выніках апытання сярод беларускіх афіцэраў: «… 70-80% хотели бы не формального, а фактического объединения России и Беларуси…».
Калі гэтыя звесткі праўдзівыя, дык выходзіць, што большасць афіцэраў беларускага войска прытрымліваецца антыдзяржаўных поглядаў, жадае ліквідацыі незалежнасці нашай краіны.
Як грамадзяне Беларусі і яе патрыёты, як падаткаплацельшчыкі, на грошы якіх утрымоўваюцца Ўзброеныя Сілы, мы патрабуем адказу на наступныя пытанні:
- Ці праводзілася ўзгаданае вышэй «закрытае апытанне»? Калі праводзілася, то кім і якія яго сапраўдныя вынікі?
- Як кіраўніцтва Міністэрства абароны і Вы асабіста ацэньваеце настроі афіцэрскага складу ў адносінах да «фактычнага аб’яднання Беларусі і Расіі»?
- Ці плануеце Вы нейкія захады па патрыятычным выхаванні афіцэраў Узброеных Сіл дзеля бясспрэчнага прыярытэту незалежнасці Беларусі, абарона якой складае сэнс іх службы?
Мы чакаем канкрэтных і прамых адказаў на гэтыя пытанні. Ад іх будзе залежыць адказ на галоўнае: ці з’яўляюцца Беларускім Войскам падначаленыя Вам фармаванні, якія ўтрымлівае наш народ.
Па даручэнні Рады БНК зварот падпісалі Вацлаў Арэшка, Яўген Афнагель, Мікалай Герасіменка, Уладзімір Някляеў, Вячаслаў Сіўчык, Мікалай Статкевіч