Лісты на волю

Камера вышэй і на сантыметраў 7 шырэй

З ліста ад 22.08.2022

«Галоўная навіна — перавялі ў камеру паверхам вышэй. Яна на сантыметраў 7 шырэй і гэтага хапіла, каб «прасунуцца паўз тумбачку да сценкі, супрацьлеглай дзвярам. У выніку цяпер, хоць і «зігзагам», але можна прайсці па камеры пяць крокаў. Што зрабіла мае «прагулкі» больш «інтэнсіўнымі» ?

А ў прагулачных дворыках сапраўды вырашылі памяняць дызайн. Толькі не ландшафта, а кратаў — арматура нечым не задаволіла. Калі гэта скончыцца — не кажуць.»

[Мікалая не выводзяць на прагулку ўжо, дакладна, больш за месяц, а мо і болей, матывуючы гэта «рэмонтам прагулачных дворыкаў. Вось так, раптам, УСЕ дворыкі «рамантуюць». Улічваючы масштаб і час, я ў лісце запыталася, ці не ландшафтны дызайн там перарабляюць. ? М.А.]

«… Зараз гэтая камера сухая, але па счарнелых столі і сценах у адным з кутоў так было не заўсёды. Кажуць, што дах рамантавалі — восень пакажа.

… Паступова павялічваю нагрузкі падчас заняткаў фізкультурай. Днём у мяне тры «прагулкі» па камеры па 30÷40 хвілін і адна вечарам на 20÷30 хвілін. Падчас дзённых «прагулак» раблю фізічныя спрактыкаваным. З-за памераў камеры прыйшлося ўводзіць практыкаванні з «гантэляй», у якасці якой скарыстоўваю ПЭТ- бутэльку 1,5 л. Праўда, з-за невялікай вагі мушу цягаць гэтую «гантэлю» па разоў 800 за дзень. І з часам прыйдзецца гэтую колькасць яшчэ павялічваць.»

Мікалай Статкевіч, ПК №13 г. Глыбокае
preload imagepreload image