Камера вышэй і на сантыметраў 7 шырэй
З ліста ад 22.08.2022
“Галоўная навіна – перавялі ў камеру паверхам вышэй. Яна на сантыметраў 7 шырэй і гэтага хапіла, каб “прасунуцца паўз тумбачку да сценкі, супрацьлеглай дзвярам. У выніку цяпер, хоць і “зігзагам”, але можна прайсці па камеры пяць крокаў. Што зрабіла мае “прагулкі” больш “інтэнсіўнымі”
А ў прагулачных дворыках сапраўды вырашылі памяняць дызайн. Толькі не ландшафта, а кратаў – арматура нечым не задаволіла. Калі гэта скончыцца – не кажуць.”
[Мікалая не выводзяць на прагулку ўжо, дакладна, больш за месяц, а мо і болей, матывуючы гэта “рэмонтам прагулачных дворыкаў. Вось так, раптам, УСЕ дворыкі “рамантуюць”. Улічваючы масштаб і час, я ў лісце запыталася, ці не ландшафтны дызайн там перарабляюць. М.А.]
“… Зараз гэтая камера сухая, але па счарнелых столі і сценах у адным з кутоў так было не заўсёды. Кажуць, што дах рамантавалі – восень пакажа.
… Паступова павялічваю нагрузкі падчас заняткаў фізкультурай. Днём у мяне тры “прагулкі” па камеры па 30÷40 хвілін і адна вечарам на 20÷30 хвілін. Падчас дзённых “прагулак” раблю фізічныя спрактыкаваным. З-за памераў камеры прыйшлося ўводзіць практыкаванні з “гантэляй”, у якасці якой скарыстоўваю ПЭТ- бутэльку 1,5 л. Праўда, з-за невялікай вагі мушу цягаць гэтую “гантэлю” па разоў 800 за дзень. І з часам прыйдзецца гэтую колькасць яшчэ павялічваць.”