Прапанова па нейтралітэту

27.04.2022

«Дзякуй за камплімент маёй прапанове па нейтралітэту. Але зараз яна пакуль не актуальная […]. Як я зразумеў, аўтарытэт украінскай арміі ў свеце зараз высокі і Захад гатовы пастаўляць ёй любую зброю, якую яна здольна засвоіць і эфектыўна скарыстаць. У любой патрэбнай ёй колькасці.

Разам з тым, Захад разгортвае эканамічную вайну супраць РФ. Па прагнозам Сусветнага банка ВУП РФ у гэтым годзе ўпадзе на 11%. Экспарт ужо ўпаў на 70% (!). Ну і ўражвае факт арышту амаль паловы валютных рэзерваў РФ. Дарэмна Крэмль супакойвае сябе і расіян, што доўга гэта не працягнецца, што Захад хутка “стоміцца”.

Так, як я ужо пісаў, страты на эканамічнай вайне нясуць усе бакі. І стомленасць ад вайны ва Украіне, ад неабходнасці падтрымкі ўкраінцаў на Захадзе, безумоўна, з’явіцца. Асабліва ў яго, як лічыць Масква, “слабога звяна” – ЕС. Але гэта мала што будзе значыць, бо страх вайны (а значыць, – страх смерці) – добры стымул для пераадолення стомленасці. Бо еўрапейцы разумеюць, што перамога Масквы ва Украіне непазбежна прывядзе да агрэсіі супраць усходніх краін ЕС. Разумеюць гэта і лідары Францыі ды Германіі, якія апынуліся да таго ж публічна прыніжанымі, калі пасля запэўніванняў Пуціна абвяргалі папярэджанні ЗША і Вялікабрытаніі пра напад РФ на Украіну. Пакуль яны ва ўладзе (а гэта яшчэ доўга), абодва будуць памятаць пра гэты асабісты падман, як пра доказ неадэкватнасціі амаральнасць кіраўніцтва Крамля. І супрацьстаяць яму.»

Мікалай Статкевіч, Гомель, СІЗА №3

Паводле слоў спадарыні Марыны Адамовіч, лісты ад Мікалая ідуць няроўна, іншы раз – «пачкамі». І, канешне, апошнім часам Статкевіч, якога зараз утрымліваюць у СІЗА Гомеля, шмат разважае пра падзеі ва Украіне.